Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў яшчэ двух удзельнікаў сустрэчы зь Мілінкевічам


Радыё Свабода, Менск Затрыманыя ўвечары 12 сакавіка каля менскага Лядовага палацу прадпрымальнікі Аляксандар Макаеў і Аляксандар Прысмакоў арыштаваныя на 15 і 10 сутак адпаведна. Такое рашэньне прынялі сёньня судзьдзі Юлія Лукомская й Ўладзімер Карноў. Актывіст апазыцыі Максім Вінярскі ў суд не зьявіўся, і справа разглядалася безь яго.

Сёньня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менска судзілі апошніх затрыманых удзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, што адбылася ўвечары 12 сакавіка.

Старшыню Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Аляксандра Макаева й дырэктара адной зь менскіх фірмаў Аляксандра Прысмакова міліцыянты абвінавачвалі за тое, што яны актыўна ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, выкрыквалі антыдзяржаўныя лёзунгі й г.д.

Міліцыянты палку спэцпрызначэньня прызналіся ў судзе, што вызначалі аб’екты для затрыманьня паводле ўласных крытэраў.

Так, напрыклад, Аляксандра Прысмакова яны затрымалі, бо ён выглядаў падазрона: “быў апрануты, як іншаземец”, “хадзіў з аднаго канца пляцоўкі ў другі” і “нешта здымаў на камэру”.

Аляксандар Макаеў жа, са слоў міліцыянтаў, выкрыкваў антыдзяржаўныя лёзунгі: “Беларусь у Эўропу!” і “Свабоду Беларусі!”

Сьведкі затрыманых сьцьвярджалі, што ні Макаеў, ні Прысмакоў ніякіх лёзунгаў не выкрыквалі, а спакойна слухалі выступ Мілінкевіча, але судзьдзі да іхных паказаньняў не прыслухаліся.

У выніку судзьдзя Ўладзімер Карноў пакараў Аляксандра Макаева 15-сутачным арыштам, а ягоная каляжанка Юлія Лукомская прысудзіла Аляксандру Прысмакову 10 сутак.

Аляксандар Макаеў так пракамэнтаваў судовае рашэньне:

(Макаеў: ) “ Я пераканаўся, што ў нас справядлівага правасудзьдзя, на сёньняшні дзень, не існуе. Гэта відно ня толькі па маім, а й па шматлікіх апошніх рашэньнях адносна палітычна актыўных грамадзянаў. Калі ты маеш сваю ўласную думку, – за гэта караюць”.

А вось камэнтар да судовага рашэньня Аляксандра Прысмакова:

(Прысмакоў: ) “Я лічу гэта заказной справай. Усім аднолькавы прысуд. Усім, каго арыштавалі ў гэты дзень — ня толькі на гэтым мітынгу, але й на папярэдніх. Усе, каго затрымалі, лічаць, што гэта зроблена для таго, каб нэўтралізаваць актыўную частку выбарцаў”.

За ўдзел у сустрэчах з Аляксандрам Мілінкевічам 12 сакавіка арыштамі пакарана 12 чалавек, сярод якіх пяць грамадзянаў Украіны, а яшчэ на 3-х накладзены штрафы.

Аляксандар Макаеў падзякаваў спадару Мілінкевічу й усім іншым, хто падтрымлівае зьняволеных у спэцпрыёмніку.

Справу яшчэ аднаго затрыманага й абвінавачанага за хуліганства апазыцыянэра Максіма Вінярскага сёньня разглядалі паўторна. Учора да суду яго вызвалілі з-пад варты. Вінярскі на паседжаньне не зьявіўся, і судзьдзя Ўладзімер Міхалевіч разглядаў справу безь яго. Рашэньне ў справе Максіма Вінярскага будзе вядомае праз трое сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG