Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці галасуюць менчукі датэрмінова? (фота)


Радыё Свабода 14 сакавіка пачалося датэрміновае галасаваньне. Згодна з Выбарчым кодэксам, кожны выбарца “без тлумачэньня прычын можа прыйсьці на ўчастак і прагаласаваць датэрмінова”. Ці выкарыстоўваюць менчукі гэта сваё права?

(Карэспандэнтка: ) “Ад сёньняшняга дня можна прагаласаваць датэрмінова. Ці будзеце вы гэтую магчымасьць выкарыстоўваць?”

(Спадар: ) “Не, ня буду. 19-га пайду”.

(Хлопец: ) “Ня буду. А навошта? 19-га пайду”.

(Студэнт: ) “Таксама пайду з усімі 19-га, як і трэба”.

(Карэспандэнтка: ) “А студэнтам не прапаноўваюць датэрмінова галасаваць?”

(Студэнт: ) “Канечне, прапаноўваюць. Іншагароднім. Каб не заставаліся ў Менску й зьяжджалі дадому. Робяць два выходныя — субота й панядзелак”.

(Карэспандэнтка: ) “А гэта ў якім інстытуце?”

(Студэнт: ) “У БНТУ. Дый паўсюль”.

(Хлопец: ) “Інтэрнатаўскія так салідна ідуць. Інтэрнат актыўна галасуе”.

(Спадар: ) “Ня ведаю яшчэ”.

(Дзяўчына: ) “Не, ня буду. Таму што я застаюся ў Менску й магу ў нядзелю прагаласаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці будзеце вы галасаваць датэрмінова?”

(Спадарыня: ) “Дзякуй, не. Ня буду. Я хачу ў дзень выбараў”.

(Спадар: ) “Мы пойдзем своечасова галасаваць, у дзень выбараў”.

(Дзядуля: ) “Пагляджу. Можа, і раней пайду. Наагул я ўвесь час хадзіў датэрмінова”.

(Хлопец: ) “Ня буду датэрмінова галасаваць. Ня бачу ніякага сэнсу. Я студэнт. Калі б жыў ня ў Менску, то быў бы варыянт раней зьехаць дадому. Некаторыя студэнты так і робяць, датэрмінова галасуюць, каб зьехаць дадому на тыдзень. Ім так і кажуць: прагаласуеце датэрмінова — на тыдзень можаце дадому зьехаць”.

(Спадар: ) “Будзем датэрмінова галасаваць. Таму што часу больш ня будзе, заняты працай”.

(Дзяўчына: ) “Я пайду ў нядзелю”.

Хлопец: ) “Сёньня не, а заўтра пастараюся прагаласаваць. У нядзелю папросту не пасьпею”.

(Дзяўчына: ) “Таксама заўтра пайду. Жыву за горадам, у нядзелю ехаць у горад неяк ня вельмі хочацца”.

(Спадарыня: ) “Не, я толькі ў нядзелю. Цяпер не пайду”.

(Дзяўчына: ) “Я буду датэрмінова галасаваць, у нядзелю ў Магілёў зьяжджаю”.

(Хлопец: ) “Ня ведаю яшчэ”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі вы будзеце галасаваць — у час ці датэрмінова?”

(Спадар: ) “У дзень выбараў. Таму што падтасаваць нельга”.

(Спадар: ) “Не, пайду своечасова. Усе кажуць, што могуць быць фальсыфікацыі — так што ня вельмі сьпяшаюся”.

(Хлопец: ) “Мы ўжо прагаласавалі. Якая розьніца, калі?”

(Студэнт: ) “У дзень выбараў мы дадому зьяжджаем”.

(Карэспандэнтка: ) “За каго прагаласавалі?”

(Студэнт: ) “За прэзыдэнта”.

(Хлопец: ) “Супраць усіх”.

***

Нагадаем, паводле інфармацыі Цэнтравыбаркаму на парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме 2004 году датэрмінова прагаласавалі 17,39 % зарэгістраваных выбарцаў. У той жа час, паводле незалежных назіральнікаў, за пяць дзён у датэрміновым галасаваньні тады ўзялі удзел 25,21 % выбарцаў.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году незалежныя назіральнікі казалі пра 17 % выбарцаў, што галасавалі датэрмінова. Паводле афіцыйнай інфармацыі, тады датэрмінова прагаласавалі 14,3 % выбарцаў.

Фотарэпартаж





XS
SM
MD
LG