Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы затрыманы наклад “Народнай Волі”


Радыё Свабода На памежным пераходзе “Рэдзькі” беларуска-расейскай мяжы затрымалі наклад газэты “Народная Воля”. Незалежнае выданьне перавозілі ў Менск з адной са смаленскіх друкарняў. Перавозчыкам не патлумачылі прычыны затрыманьня. Цяпер наклад перапраўлены ў абласную ўправу міліцыі ў Віцебску.

Два нумары “Народнай Волі” былі надрукаваны ў Міхайлаўскай друкарні Смаленску паводле адпаведнай дамовы. Зьмяніць месца друкаваньня рэдакцыя была вымушана пасьля таго, як напярэдадні Смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся ад супрацоўніцтва.

Усе дакумэнты на друкаваньне газэты ў перавозчыкаў былі, аднак увесь наклад арыштавалі й пад канвоем супрацоўнікаў абласной управы міліцыі пераправілі ў Віцебск, паведаміў Радыё Свабода рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, які суправаджае груз.

(Сярэдзіч: ) “Прадстаўнік мытнай службы прыйшоў і адкрытым тэкстам двойчы сказаў: Іосіф Паўлавіч, у нашай службы да вас няма прэтэнзіяў. Аднекуль жа каманда — едзем у бок Віцебску”.

Няпэўным застаецца таксама лёс перадвыбарчых нумароў газэты “Товарищ” й “БДГ. Деловая газета”.

Нагадаем, што напярэдадні Смаленскі паліграфічны камбінат скасаваў адпаведную дамову з шэрагам незалежных беларускіх выданьняў.

Рэдактар газэты “Товарищ”Сяргей Вазьняк з гэтай прычыны мае зьвярнуцца ў суд. Адначасна ён шукае магчымасьці надрукаваць перадвыбарчы выпуск газэты яшчэ да дня галасаваньня.

Рэдактар “БДГ. Деловая газета” Пётар Марцаў яшчэ высьвятляе стасункі з поліграфкамбінатам, які адмовіўся друкаваць газэту, нібыта зь фінансавых прычынаў. Паведамленьня пра скасаваньне дамовы ў рэдакцыі так і не атрымалі, кажа спадар Марцаў.

(Марцаў: ) “Пакуль мы знаходзімся ў стадыі высьвятленьня. Калі яны адмовяцца друкаваць канчаткова, то стане зразумела, што гэта не фінансавыя прычыны, а палітычныя. Тады мы нешта будзем рабіць”.

У неафіцыйнай гутарцы ў кіраўніцтве Смаленскага паліграфічнага камбінату паведамілі, што ім нібыта параілі адмовіцца ад друкаваньня перадвыбарчых нумароў незалежных беларускіх газэтаў з тае прычыны, што пасьля выбараў яны нават ня здолеюць кампэнсаваць прадпрыемству ягоныя выдаткі.

Думкі, што на смаленскіх чыноўнікаў паўплывалі беларускія ўлады й спэцслужбы, трымаецца таксама сябра беларуска-расейскай праваабарончай камісіі, журналіст Павал Шарамет.

(Шарамет: ) “Беларускія ўлады і беларускія спэцслужбы дастаткова актыўныя ў Смаленскай вобласьці. І было мноства скандалаў, зьвязаных зь незаконнай дзейнасьцю беларускіх спэцслужбаў на тэрыторыі Расеі. Я ня бачу тут глябальнай расейскай палітыкі, а бачу тут местачковасьць рэгіянальных расейскіх уладаў, якія паддаюцца ціску зь Беларусі”.

Паводле спадара Шарамета, цяперашнія падзеі вакол беларускіх незалежных выданьняў надзвычайныя і яны не застануцца па-за ўвагай грамадзкай беларуска-расейскай праваабарончай камісіі, якая дзейнічае пры прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG