Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаліся кандыдаты за 5 дзён да выбараў?


Радыё Свабода Засталося пяць дзён да выбараў. Чым займаліся кандыдаты Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Лукашэнка?

Актывісты Сяргея Гайдукевіча сёньня працягвалі раздаваць агітацыйныя матэрыялы. Кандыдат абяцаў разам са сваімі даверанымі асобамі выйсьці ў Менску на праспэкт Незалежнасьці, пабываць у раёне ГУМу і ЦУМу. Аднак у першай палове дня ні кандыдата, ні ягоных актывістаў ля ГУМу не было відаць. Пазьней пяцёра яго актывістаў раздавалі агітацыйныя ўлёткі ў пераходзе станцыі мэтро “Кастрычніцкая”. Спадар Гайдукевіч патлумачыў:

(Гайдукевіч: ) “У 12 гадзін людзі выходзяць са штабу. Людзі раніцай у ГУМ ня ходзяць. Я ж ня буду выходзіць у 9 гадзін, калі ГУМ зачынены, ці ў 10. Асноўная ж маса насельніцтва ходзіць з 12 да 16”.

Калі ж спадар Гайдукевіч мяркуе сустракацца з выбарцамі каля ГУМу?

(Гайдукевіч: ) “Калі я буду? Калі палічу патрэбным”.

Аляксандар Казулін вярнуўся з Масквы, дзе правёў прэс-канфэрэнцыю і даў інтэрвію шэрагу мэдыяў. Спадар Казулін паведаміў, што ўладкаваўся на працу — цяпер ён зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Эўразійскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў.

(Казулін: ) “Гэта не перашкодзіць маёй выбарчай кампаніі, наадварот — будзе мне дапамагаць. І ў вачах людзей, калі ўлада спрабавала мяне папракаць, што я беспрацоўны, і з такім чалавекам няма чаго мець справы, то сёньня відавочна, што прафэсіяналы патрэбныя ўсюды, і ў Расеі, і ў Эўропе. А калі прафэсіяналам няма месца ў Беларусі, то гэта праблема нашай улады”.

Спадар Казулін, аднак, падкрэсьліў, што ў выбарчай кампаніі пойдзе да канца. Сёньня ён меў размову з Аляксандрам Мілінкевічам. Частку казулінскага штабу, якая будзе займацца перамовамі са штабам кандыдата аб’яднанай апазыцыі, узначаліў Уладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) “Прынята рашэньне зрабіць, можа, апошнюю спробу аб’яднаць нашы намаганьні й зрабіць так, каб мы ўсе разам дасягнулі нейкай мэты. Таму створана рабочая група, і мы дамовіліся, што адбудзецца па часе сустрэча з калегамі каманды Мілінкевіча. Будзем абмяркоўваць пытаньні нашых узаемных дзеяньняў. Калі гэта ўдасца, гэта будзе вельмі эфэктыўна”.

Паводле кіраўніка штабу Мілінкевіча Сяргея Калякіна, абодва кандыдаты зьбіраюцца ісьці да канца. Штаб спадара Мілінкевіча будзе супрацоўнічаць са штабам Казуліна, сярод іншага, у пытаньні назіраньня за выбарамі. У штабе Казуліна арганізацыю назіраньня за выбарамі і прававое забесьпячэньне кампаніі цяпер узначальвае Мечыслаў Грыб.

Заўтра Аляксандар Казулін сустрэнецца з выбарцамі ў Салігорску ў Цэнтры дзіцячай творчасьці.

Аляксандар Лукашэнка працягваў выконваць абавязкі кіраўніка краіны. А яго давераныя асобы масава праводзілі сустрэчы з выбарцамі. Да прыкладу, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч плянаваў наведаць Баранавіцкую абутковую фабрыку, Мікалай Чаргінец — жаночы інстытут “Энвіла” і БДУ, міністар унутраных справаў — Менскі маргарынавы завод.
XS
SM
MD
LG