Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: прадстаўніка штабу Мілінкевіча арыштавалі на 7 сутак


Радыё Свабода Учора ўвечары прадстаўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча ў Горадні Максіма Губарэвіча затрымалі на вуліцы непадалёк ад штабу Мілінкевіча два капітаны міліцыі — Пётар Ленец і Сяргей Вечар. Яны даставілі хлопца ў Ленінскі РАУС і склалі на яго пратакол. Максім начаваў у міліцэйскім ізалятары, а сёньня судзьдзя Натальля Козел зь Ленінскага раённага суду пакарала яго арыштам паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу.

Калі Максім Губарэвіч пад аховай маёра Краўцэвіча трапіў у кабінэт судзьдзі, капітан Ленец стаў ля дзьвярэй, не пускаючы ўсярэдзіну журналістаў. Неўзабаве высьветлілася, што Ленец затрымаў хлопца і выканаў адначасова ролю сьведкі затрыманьня. Судзьдзя Козел дазволіла журналістам прысутнічаць падчас разгляду справы.

Учора побач са штабам Аляксандра Мілінкевіча ў Горадні дзяжурылі міліцыянты. Калі Губарэвіч выйшаў на вуліцу, яго затрымалі. Міліцыянты былі ў цывільным, яны сказалі, што трэба паразмаўляць, і пасадзілі яго ў машыну. У пастарунку паказалі заяву кіраўніка штабу Анатоля Хацька пра тое, што плякаты Мілінкевіча заклейваюць афішамі. Але пратакол выбарчай кампаніі не датычыўся, і Максім адмовіўся яго чытаць і падпісваць. Пасьля гэтага яго пасадзілі за краты.

Міліцыянты Ленец і Вечар сьцьвярджалі ў судзе, што Максім Губарэвіч ішоў па вуліцы, размахваючы рукамі, і нецэнзурна лаяўся. Судзьдзя Козел спыталася ў хлопца, чаго ён просіць ад суду. Той адказаў, што аб’ектыўнага разгляду справы. Пасьля гэтага Натальля Козел пасадзіла яго на сем сутак. Сябры Максіма лічаць, што гэта зроблена, каб ён ня здолеў 19 сакавіка трапіць у Менск.

Адзін з удзельнікаў штабу Мілінкевіча мне прызнаўся, што ўсе яны цяпер адчуваць да сябе пільную увагу з боку міліцыянтаў і асьцерагаюцца зьяўляцца на вуліцы паасобку.
XS
SM
MD
LG