Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ворша: кіраўніка штабу Казуліна асудзілі на 7 сутак


Радыё Свабода, Віцебск У Аршанскі гарадзкі суд кіраўніка аршанскай ініцыятыўнай групы Васіля Берасьнева даставілі за арганізацыю 11-га сакавіка несанкцыянаванага мітынгу з удзелам кандыдата на прэзыдэнты А.Казуліна, – прынамсі, так міліцыянты патлумачылі сваякам ягонае ўчорашняе затрыманьне. Але пакараньне актывіст атрымаў зусім за іншы ўчынак – “за абразу супрацоўнікаў гарвыканкаму”.

Судзьдзя спадар Дзьмітрыеў адхіліў абвінавачаньне ў арганізацыі несанкцыянаванай вулічнай акцыі, прызнаўшы адзіным доказам супраць Васіля Берасьнева тое, што ён ёсьць даверанай асобай кандыдата Аляксандра Казуліна.

Аднак на судзе разглядаўся яшчэ адзін дакумэнт: заява загадчыка ідэалягічнага аддзелу Леаніда Фурса і загадчыка аддзелу спартовае працы, а цяпер яшчэ й намесьніка старшыні гарадзкой выбарчай камісіі Алега Казлова пра тое, што Васіль Берасьнеў абражаў апошняга нецэнзурнымі словамі. І адбывалася гэта на той самай сустрэчы з кандыдатам Казулінам 11-га сакавіка на гарадзкім кірмашы.

Нягледзячы на тое, што на сустрэчы прысутнічалі каля 300 чалавек, судзьдзя адхіліў хадайніцтва пра запрашэньне незалежных сьведак, палічыўшы дастатковымі супольныя сьведчаньні двух чыноўнікаў.

На думку юрыста– праваабаронцы Алега Граблеўскага, прысутнага на судзе, “мела месца відавочная змова двух службовых асобаў з мэтаю асудзіць апазыцыйнага актывіста”.

А 16-й у Аршанскім гарсудзе распачнецца разгляд яшчэ адной справы, узбуджанай супраць мясцовага апазыцыянэра Васіля Леўчанкава, кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.

Яго затрымалі сёньня ўраньні, таксама паводле абвінавачаньня ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі – сустрэчы з кандыдатам на прэзыдэнта ў Цэнтральным парку.
XS
SM
MD
LG