Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: актывіста каманды Казуліна арыштавалі на 10 сутак


Радыё Свабода На Гомельшчыне сёньня затрымалі актывістаў каманды Казуліна Сяргея Сямёнава і Алега Шабетніка. Першы зь іх нібыта абразіў чыноўніка, за што быў пакараны 10 суткамі арышту. Другога абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе агітацыйнай інфармацыі.

Сяргей Сямёнаў быў затрыманы ў Гомелі супрацоўнікамі міліцыі Савецкага райаддзелу. З пастарунку ён паведаміў Радыё Свабода:

(Сямёнаў: ) “Галоўны ідэоляг па Гомельскай вобласьці напісаў на мяне заяву, што я на яго нецэнзурна лаяўся”.

(Карэспандэнт: ) “А ці было такое насамрэч?”

(Сямёнаў: ) “Не было”.

Іншых падрабязнасьцяў гомельскі актывіст не пасьпеў паведаміць — міліцыянт забраў у яго тэлефон.

У затрыманьні спадара Сямёнава браў удзел начальнік міліцыі па ахове грамадзкага парадку Савецкага райаддзелу Генадзь Юнчыц. Ён, аднак, адмовіўся паведаміць падрабязнасьці затрыманьня:

(Юнчыц: ) “Па ўсялякую інфармацыю, якая вас цікавіць, зьвяртайцеся ў прэс-службу УУС”.

Аднак у прэс-службе Гомельскай абласной міліцыі таксама не паведамілі падрабязнасьцяў затрыманьня казулінскага актывіста — спаслаліся на адсутнасьць інфармацыі.

Пазьней стала вядома, што Сяргея Сямёнава адвезьлі ў суд Савецкага раёну, дзе пакаралі 10 суткамі арышту.

Кіраўнік гомельскага абласнога выбарчага штабу Казуліна Сяргей Старычэнка так пракамэнтаваў справу Сямёнава:

(Старычэнка: ) “Я лічу, што гэта абсалютна незаконнае затрыманьне. Я ня думаю, што ён некаму грубіў. Мае месца сілавы ціск на актывістаў”.

Тым часам у Рэчыцы быў затрыманы яшчэ адзін прадстаўнік каманды Казуліна Алег Шабетнік:

(Шабетнік: ) “На інфармацыйным стэндзе мацаваў налепкі, дазволеныя Цэнтравыбаркамам. Стэнд знаходзіцца на выбарчым участку №28 — школа №9. Тут і мацаваў фірмовыя налепкі Казуліна: “За Аляксандра Казуліна, за свабоду”.

Як зазначыў спадар Шабетнік, ён дзейнічаў у межах выбарчага заканадаўства, аднак міліцыянт склаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Паводле яго, рэчыцкаму актывісту каманды Казуліна пагражае буйны штраф.
XS
SM
MD
LG