Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На датэрміновае галасаваньне вясковых жыхароў возяць аўтобусам


Радыё Свабода Паводле сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка, кожны з выбарцаў без тлумачэньня прычыны мае права прыйсьці на ўчастак і прагаласаваць датэрмінова. Аднак паступаюць паведамленьні, што ад сёньняшняга дня ў шэрагу выпадкаў галасаваньні адбываюцца калектыўна, а выбарцаў прывозяць на ўчасткі аўтобусамі. Як праходзіць датэрміновае галасаваньне на Смаргоншчыне?

Жыхар вёскі Капланы Смаргонскага раёну Станіслаў Харкевіч расказаў, што дзеля дастаўкі выбарцаў на ўчастак для галасаваньня, разьмешчаны ў мясцовай школе, выпісаны калгасны аўтобус. Перадусім, ён давозіць да “скрыняў” пэнсіянэраў з аддаленых ад цэнтральнай сядзібы вёсак.

(Харкевіч: ) “Сёньня якраз першы дзень датэрміновага галасаваньня, дык усе ужо лётаюць, каля скрыняў міліцыя дзяжурыць. Гляджу, калгасны аўтобус выехаў і ўжо дзесьці паехаў па вёсках. Праўдамі й няпраўдамі арганізавалі аўтобус, каб вазіць старых з лагоў. Вось што яны робяць… А ўвогуле, няма пра што нават і гаварыць. Хоць я асабіста на ўчастак прыйду 19 сакавіка, безь пяці восем раніцы”.

Адзін зь сябраў участковай камісіі не аспрэчвае факту калектыўнай дастаўкі выбарцаў, але кажа, што ніхто ні на каго ня цісьне — кожны галасуе за свайго кандыдата на прэзыдэнта.

(Сябра камісіі: ) “Мы не займаемся інфармацыйнай, нават ня тое што інфармацыйнай, а “пасярэдніцкай” дзейнасьцю. Мы ня можам камусьці штосьці раіць. Гэта грамадзяне вызначаюць самі — у адпаведнасьці з існуючым беларускім заканадаўствам. Каб не было ніякіх выпадкаў злоўжываньняў і далейшых праблем”.

Жыхар Смаргоншчыны Станіслаў Харкевіч наракае на дзяржаўную прапаганду, якая фактычна заклікае людзей браць удзел у датэрміновым галасаваньні. Між тым, бліжэй азнаёміцца з праграмамі альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў мясцовыя ўлады не даюць.

(Харкевіч: ) “Казулін прыяжджаў у Смаргонь. Далі “райсаюзаўскі” клюб. Ён, можа, месцаў на сто. Прыпёрлі міліцыю з Астраўца, узялі ў аблогу — і людзей не пусьцілі. Мая жонка хацела паехаць. Я кажу: “Едзь, па сьпіне дубінкай атрымаеш”. А хацелася паслухаць чалавека. Ён жа праўду гаворыць, а ня тое, што па тэлевізары перадаюць — “наш бацька”, ды “наш бацька”. Дый ну яго… Жонка да сясьцёр у Латвію тэлефанавала. Тыя кажуць: у вас вайна ўжо ідзе! Жонка адказвае: “Ды не, ціха ўсё”. Па тэлевізары ж ні чорта не паказваюць. А спадарожнікавыя талеркі ў беларусаў ня ў кожнага ёсьць, каб праўду паглядзець”.

Як удакладнілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, датэрміновае галасаваньне адбываецца выключна ў памяшканьні выбарчага ўчастку. “Абыход” прадстаўнікамі камісіі хат забаронены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG