Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога дырэктара падшыпнікавага заводу асудзілі на 6 гадоў


Радыё Свабода 14 сакавіка ў Заводзкім судзе Менску абвешчаны прысуд былому дырэктару Менскага падшыпнікавага заводу Валеру Пензу і тром ягоным падначаленым. Паводле суду, былы дырэктар з суўдзельнікамі справакаваў банкруцтва заводу, каб танна прадаць яго расейскаму алігарху.

Акрамя спробаў давесьці падшыпнікавы завод да банкруцтва, Валера Пензу суд прызнаў вінаватым у нанясеньні вялікіх стратаў прадпрыемству праз службовыя злоўжываньні. Валер Пенза асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі. 3,5 гады кожны атрымалі былыя адказныя супрацоўнікі заводу Валер Канановіч і Мікалай Юргель. Былы намесьнік дырэктара Аляксандар Прохарчык пакараны 3,5 гадамі абмежаваньня волі. Таксама асуджаных забавязалі вярнуць заводу болей за 9 мільярдаў рублёў.

Валер Пенза сваёй віны не прызнаў. Сваякі асуджанага падчас працэсу не кантактавалі з журналістамі, але толькі сёньня пасьля прысуду ўдалося атрымаць камэнтар ад брата былога дырэктара Віктара Пензы.

(Пенза: ) “Брат мой сумленны чалавек, патрыёт сваёй радзімы. Дзякуючы яму гэты завод працаваў, людзям плацілі заробак. У брата тры вынаходніцтвы эўрапейскага узроўню, на якіх гэты завод трымаецца. А абвінавачваюць яго людзі нячэсныя”.

Паводле сьледчых з дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю, Валер Пенза і суўдзельнікі даводзілі завод да банкруцтва праз сумесны з расейцамі гандлёвы дом. Нібыта вэксэлі, якія яны прынялі ад ресейцаў як плату за прадукцыю, нічога не каштавалі. Між тым, сваякі асуджаных кажуць, што і пасьля арышту былога дырэктара за вэксэлі можна было атрымаць матэрыяльныя каштоўнасьці, але гэтага не зрабілі. Вось што казалі сваячкі Мікалая Юргеля, які працаваў загадчыкам фінансавага аддзелу заводу:

(Сваячкі асуджанага: ) “Чалавек хацеў вярнуць, бо пагадзілася гэтая арганізацыя, але ж не дазволілі, ён жа быў пад падпіскай пра нявыезд… А калі б вярнулі гэтыя вэксэлі, то і не было б артыкулу. Ну, як можна давесьці да банкруцтва завод?”

Паслухаць прысуд былому дырэктару і ягоным намесьнікам прыйшло некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў заводу. Выглядала, яны спачувалі асуджаным, але ніхто не захацеў сказаць у мікрафон пра сваё стаўленьне ці пракамэнтаваць справу. Увогуле ад пачатку суду зьвестак пра справу Валера Пензы было вельмі мала. Размаўляць пра справу з журналістамі адмаўляліся нават адвакаты. Сёньня ў кулюарах Заводзкага суду давялося пачуць, як сваякі казалі адвакатам пра тое, што гэтае маўчаньне не дало ніякага выніку. Цяпер адвакаты кажуць, што будуць абскарджваць прысуд у гарадзкім судзе.

Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін у нядаўнім выступе па тэлебачаньні заявіў пра 3 тысячы асуджаных кіраўнікоў прадпрыемстваў рознага ўзроўню. Паводле Аляксандра Казуліна, улада наўмысна робіць дырэктарскі корпус адзіным адказным за эканамічныя недахопы.

Нагадаем пра кіраўнікоў вядучых беларускіх прадпрыемстваў, якіх асудзілі альбо спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці за апошнія гады. Гэта дырэктары Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, вытворчага аб’яднаньня “Атлянт” Леанід Калугін, Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне Юры Феактыстаў, Менскага заводу Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Крывамазаў. Больш за год пад сьледзтвам знаходзіцца былы дырэктар наваполацкага аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі; нядаўна быў арыштаваны камэрцыйны дырэктар БелАЗу Андрэй Ільянаў.
XS
SM
MD
LG