Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысу Хамайду прысудзілі яшчэ амаль 5 мільёнаў штрафу


Радыё Свабода, Віцебск Нагадаем, што два папярэднія штрафы агульнай сумай 5 мільёнаў 332 тысячы віцебскаму апазыцыянэру прысудзілі 9 красавіка. Адзін з гэтых штрафаў быў прысуджаны за распаўсюд “БДГ.Деловой газеты”, арганізацыю несанкцыянаванага пікету і заклікі ды байкоту прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер Барыса Хамайду зноў затрымалі зплякатам “Байкот – гэта маральная перамога!”

Затрыманага даставілі ў Чыгуначны райсуд, дзе судзьдзя Алена Грабянчук прысудзіла яму 160 базавых велічыняў, або 4 мільёны 960 тысяч штрафу за несанкцыянаваную вулічную акцыю.

Паводле Барыса Хамайды, напрыканцы пасяджэньня судзьдзя зазначыла: “Мы ж толькі нядаўна далі вам 4 мільёны 860 тысяч штрафу, але гэта вас, відаць, ня ўразіла!”

Апазыцыянэр пэўны, што прэзыдэнцкія выбары немінуча будуць сфальсыфікаваныя і зьбіраецца заклікаць землякоў да байкоту цягам усяго гэтага тыдня, нягледзячы на затрыманьні і штрафы.

(Хамайда: ) “Так, буду на гэтым тыдні стаяць з плякатам “Байкот – гэта маральная перамога!”, а яшчэ выйду з плякатам “Калі ў краіне няма Канстытуцыі, то ўсе выбары – палітпрастытуцыя!” У нашай жа краіне прыпынена дзеяньне Канстытуцыі 1994 году, а калі ў дзяржаве законнай Канстытуцыі няма, то ня можа быць нават гаворкі пра нейкія свабодныя выбары. Ня трэба хадзіць на выбарчыя ўчасткі! Так мы толькі дапаможам уладам паказаць неабходны працэнт яўкі! Я быў і застаюся на ранейшай сваёй пазыцыі: байкот гэтаму выбарчаму фарсу”.

Сёньня на вачох Барыса Хамайды міліцыянты рабілі заўвагі агітатарам за Аляксандра Мілінкевіча – за тое, што раздавалі агітацыйныя матэрыялы на вуліцы Леніна. Таксама прэтэнзіі былі выказаныя і кіраўніку гарадзкой арганізацыі КХП БНФ Уладзімеру Плешчанку, які раздаваў ўлёткі пра “народнае галасаваньне”.

Спадар Хамайда не выключае, што бліжэй да выбараў рэпрэсіі супраць віцебскіх апазыцыянэраў будуць узмоцненыя, і ягоныя праблемы зь міліцыяй могуць скончыцца ўжо ня толькі буйнымі штрафамі, а заключэньнем пад варту “на суткі”. Тым больш, што Барыс Хамайда ня толькі агітуе байкатаваць выбары, але й распаўсюджвае незалежныя выданьні: “Нашу Ніву”, “Віцебскі кур''ер” і “Народную волю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG