Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля беларускай амбасады ў Варшаве зьявіўся намёт (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве каля амбасады Беларусі зьявіўся намёт, у якім дзень і ноч знаходзяцца актывісты Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі. Там можна таксама ўзяць удзел у альтэрнатыўным галасаваньні.

Гэтымі днямі ў Варшаве стала значна халадней, асабліва ўначы, аднак сяброў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі гэта не палохае. Адзін з актывістаў арганізацыі Ян Гебэрт кажа, што намёт каля беларускай амбасады гэта напамін беларускім дыпляматам аб тым, што міжнародная супольнасьць будзе памятаць людзей, якія бяруць удзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

(Гебэрт: ) “Намёт стаіць, па-першае, для таго, каб ня даць спакою тым, хто знаходзіцца ўнутры амбасады. Каб яны ведалі, што вось сёньня пачынаецца папярэдняе галасаваньне, і мы пра гэта ведаем і будзем памятаць пра тых, хто займаецца фальсыфікацыямі. Каб яны таксама пра гэта памяталі”.

У намёце ўвесь час знаходзяцца два чалавекі, якія інфармуюць мінакоў пра мэту акцыі і сытуацыю ў Беларусі. Штодзённа плянуецца выдаваць сьвежую ўлётку, прысьвечаную апошнім падзеям выбарчай кампаніі.

Беларусы, якія жывуць у Польшчы будуць таксама мець магчымасьць упершыню ўзяць удзел у альтэрнатыўным галасаваньні.

(Гебэрт: ) “На вуліцы Вяртнічай каля амбасады Беларусі будзе стаяць скрынка, і мы запрашаем усіх беларусаў, якія будуць галасаваць у амбасадзе, а таксама тых, хто ня можа паводле свайго статусу ўвайсьці на тэрыторыю пасольства, прагаласаваць і ў нас. Цікава будзе потым параўнаць вынікі галасаваньня”.

Намёт будзе стаяць каля беларускага пасольства прынамсі да 20 сакавіка, а, як кажуць актывісты, “ў разе патрэбы” і даўжэй.

Цікава, што ў вялікім намёце ёсьць яшчэ намёт меншы, каб было цяплей. Удзельнік акцыі маюць таксама невялікая абаграваючае прыстасаваньне.

Дапамогу актывістам Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі ў выглядзе гарачай гарбаты ці супу ўжо запрапанавалі некаторыя людзі, што жывуць побач зь беларускай амбасадай, сярод іх вядомая польская акторка Малгажата Браўнэк.



XS
SM
MD
LG