Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбываюць назіральнікі АБСЭ


Радыё Свабода Сёньня ў Беларусь прыяжджаюць першыя кароткатэрміновыя назіральнікі АБСЭ. Цягам дня ў Менск прыляцяць каля 20 асоб з Францыі, Люксэмбургу, Славеніі ды некаторых іншых краін, прадстаўнікі якіх працуюць у Беларусі ўжо з 6 лютага. Паводле кіраўніка місіі назіральнікаў Герта Арэнса, чакаецца, што ўсяго ў назіраньні за выбарамі пад эгідай АБСЭ будуць ўдзельнічаць каля 600 чалавек.

Пераважная бальшыня кароткатэрміновых назіральнікаў прыедзе 15-16 сакавіка. Адсочваць хаду беларускіх выбараў пажадалі, у прыватнасьці, кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф зь Нямеччыны, сябры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Штэфан Сэкерану й Аляксандру Алейнік з Малдовы ды іншыя. А спэцыяльным каардынатарам АБСЭ ў справе назіраньня стаў старшыня Парлямэнцкай асамблеі гэтай міжнароднай арганізацыі Элсі Гастынгс са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адпаведнае рашэньне прыняў міністар замежных спраў Бэльгіі Карэл дэ Гухт, які сёлета зьяўляецца дзейным старшынём АБСЭ.

Кароткачасовыя назіральнікі ад СНД прыбываюць у Беларусь 15-16 сакавіка. Іх будзе прыкладна 500. У час, калі адсутнічаў кіраўнік гэтай місіі Ўладзімер Рушайла, дзейнасьць доўгатэрміновых назіральнікаў СНД каардынаваў Асан Кажакаў з Казахстану. На сваіх брыфінгах ён выказаў шэраг крытычных заўваг адносна выбарчай кампаніі. Прынамсі, спадар Кажакаў адзначыў, што "некаторыя прадстаўнікі праваахоўных органаў перавышаюць свае паўнамоцтвы". Да таго ж, "выбарчае заканадаўства Беларусі патрабуе пэўнай дапрацоўкі, каб пазьбегнуць непаразуменьняў і нават, з гледзішча выключэньня, некаторых сэнсавых супярэчнасьцяў".

Такі крытычны тон прадстаўніка СНД у многіх спарадзіў пытаньне: гэта ягоная асабістая пазыцыя ці думка ўсіх назіральнікаў Садружнасьці? Кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб, які меў працяглую сустрэчу са спадаром Кажакавым, гаворыць:

(Грыб: ) "Я мяркую, што гэта ягонае асабістае меркаваньне. Гэта цікавы, падрыхтаваны чалавек. Але я ня думаю, што такія падыходы будуць у іншых назіральнікаў СНД. Я ім прапанаваў: вазьміце два-тры выбарчыя ўчасткі — і ад пачатку й да канца адсачыце. І тады ўсё ўбачыце".

Спадар Кажакаў цьвердзіць, што так званае “суцэльнае” назіраньне будзе праведзена. Але, хутчэй за ўсё, толькі ў апошні дзень галасаваньня.
XS
SM
MD
LG