Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску працягваюцца суды над удзельнікамі сустрэчы зь Мілінкевічам


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску будуць судзіць яшчэ трох затрыманых удзельнікаў сустрэчы выбарнікаў з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Мілінкевічам. Іх затрымалі 12 сакавіка пасьля заканчэньня сустрэчы каля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага. У той вечар затрымалі больш за два дзясяткі чалавек, у тым ліку 8 грамадзянаў Украіны. Журналістку і апэратара ўкраінскага “5 каналу”, а таксама некалькіх непаўналетніх адпусьцілі. Астатніх судзілі ўчора ў Фрунзэнскім судзе да 9-й гадзіны вечара.

Штодня ў якім-небудзь, а то і ў некалькіх адразу раённых судах Менску судзяць прадстаўнікоў незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў. Некаторых затрымалі на вуліцы, некаторых – пасьля завяршэньня сустрэчы з кандыдатам ў прэзыдэнты Аляксандрам Мілінкевічам, але ёсьць выпадкі, калі актывістаў затрымліваюць дома. У выніку толькі цягам апошняга тыдня за краты спэцпрымальніка-разьмеркавальніка трапілі 20 актывістаў апазыцыі.

Сярод арыштаваных і пяцёра грамадзянаў Украіны, якіх учора суд Фрунзэнскага раёну пакараў арыштам на 10 сутак – за тое, што яны прыйшлі на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам, якая адбывалася каля Лядовага палацу. Усе арыштаваныя грамадзяне Ўкраіны, апроч Анатоля Яцэнкі, зьяўляюцца сябрамі моладзевай арганізацыі “Студентське братство”. У судзе некаторыя зь іх казалі, што былі зьбітыя.

Натальля Касарчук паведаміла Радыё Свабода:

(Касарчук: ) “Вельмі груба сябе паводзілі, ужывалі фізычную сілу, а таксама нецэнзурную лексыку. Мяне пасадзілі ў камэру зь нейкімі п’яніцамі, якія былі за Лукашэнку. Яны лаяліся. Я наагул усю ноч ня спала, баялася, каб яны чаго-небудзь са мной не зрабілі”.

Непаўналетняга Цімура Літвіна з Днепрапятроўску прадстаўнікі амбасады Ўкраіны забралі са спэцпрымальніка і дапамаглі дабрацца дадому.

Суды над затрыманымі грамадзянамі Ўкраіны і Беларусі доўжыліся ўчора з раніцы да 9-й вечара. Чатырох чалавек пакаралі штрафамі. Яны лічаць, што пазьбеглі арышту толькі таму, што іх няма ў так званым “чорным сьпісе”, куды ўвайшлі тыя прадстаўнікі апазыцыі, якія ўжо адбывалі арышты за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.

Гаворыць Алег Ларычаў:

(Ларычаў: ) “Я думаю, што мяне пакаралі толькі штрафам, бо я ня ў “чорных сьпісах”. Раней ніколі не сядзеў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях паводле 167-га артыкулу”. Сёньня а 9-й раніцы пачнуць судзіць актывіста незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Максіма Вінярскага, прадпрымальніка Алега Макаева і Аляксандра Прысмакова.
XS
SM
MD
LG