Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейшчына: як мяняюцца настроі падчас выбарчай кампаніі?


Радыё Свабода Як мяняюцца настроі людзей ў ходзе выбарчай кампаніі? Нашыя карэспандэнты паспрабавалі высьветліць гэта на прыкладзе Берасьцейскай вобласьці.

Расказвае Ігар Маслоўскі, кіраўнік берасьцейскага абласнога выбарчага штабу Аляксандра Казуліна:

(Маслоўскі: ) “Кампанія цяпер пайшла больш весела, асабліва пасьля выступу Аляксандра Казуліна. Яго пазнавальнасьць амаль 100 працэнтаў дасягае. Напрыклад, мы былі ў Жабінцы і Кобрыне – і ня важна, гэта нашыя прыхільнікі ці нашыя апанэнты – фактычна ўсе ведаюць Казуліна. Учора мы колькі гадзін правялі на рынку ў Кобрыне і Жабінцы. Пазаўчора – у Берасьці амаль шэсьць гадзін правялі на вуліцах, камандай, чалавек трыццаць. Спэцыяльныя накідкі пашылі з надпісам “Казулін”. Дарэчы, народ вельмі станоўча ўспрымае. Працэнтаў мо 5-7 – гэта людзі, якія ці адмаўляюцца штосьці браць, ці з імпэтам заяўляюць, што яны прыхільнікі прэзыдэнта”.

А вось як ацэньвае настроі на Берасьцейшчыне кіраўнік абласнога выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Юрась Губарэвіч:

(Губарэвіч: ) “Мы адчуваем гэтыя зьмены, асабліва ў тых рэгіёнах, у тых гарадах, якія наведаў Мілінкевіч. На гэтых сустрэчах былі сотні, а то й тысячы людзей – як у Берасьці, Пінску, Баранавічах. Увесь той нэгатыў, які валяць сродкі масавай прапаганды на Мілінкевіча і яго каманду, зьнікае, калі людзі бачаць жывога Мілінкевіча, калі яны могуць задаць яму пытаньні. Яны разумеюць, што за гэтым чалавекам праўда – ён павінен перамагчы. Гэта іх натхняе – і гэта здымае страхі. Іхняя думка мяняецца, асабліва пасьля правакацыяў, якія здараліся ў Баранавічах, Кобрыне, Драгічыне. “Адмарозкаў”, пра якіх кажа тэлебачаньне, мы пабачылі тут, у сябе, у родным горадзе. І гэтыя “адмарозкі” – на баку ўлады”.

Ва ўладных структурах Берасьцейшчыны – іншы погляд на грамадзкія настроі. Вось што гаворыць галоўны ідэоляг Берасьцейшчыны Аляксандр Рагачук:

(Рагачук: ) “Я вам адказваю як афіцыйная асоба: сацыяльна-палітычнае становішча ў раёнах і гарадах Брэсцкай вобласьці застаецца стабільным і спакойным. Усе працэсы ў вобласьці ідуць у рамках каляндарнага пляну па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Праходзяць агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў на прэзыдэнта. Ніякіх момантаў, якія б узрушвалі грамадзянскую думку, не адбываецца. І разам з тым усе мерапрыемствы праходзяць на фоне безумоўнай падтрымкі насельніцтвам дзейнага кіраўніка дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG