Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стрымліваць інфляцыю: меркаваньні кандыдатаў на прэзыдэнта


Юлія Шарова, Менск Якую грашова-крэдытную палітыку мяркуюць праводзіць кандыдаты на прэзыдэнта? Якім будзе абменны курс беларускага рубля празь некалькі гадоў, па якіх стаўках будуць выдаваць банкаўскія крэдыты, і як каманды розных кандыдатаў мяркуюць стрымліваць інфляцыю?

Кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч і ўсе чальцы ягонага перадвыбарчага штабу адмаўляюцца распавядаць, якой фінансавай стратэгіі будуць прытрымлівацца ў Беларусі, калі да ўлады прыйдзе цяперашні лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

У праграме кандыдата Аляксандра Казуліна грашова-крэдытная палітыка для Беларусі акрэсьленая толькі ў агульных рысах: зьніжэньне інфляцыі, умацаваньне нацыянальнай валюты, адмова ад увядзеньня агульнай грашовай адзінкі з Расеяй, нізкія стаўкі па крэдытах... Са словаў кіраўніка выбарчага штабу кандыдата Мечыслава Грыба, цалкам рэальна дамагчыся, каб узровень інфляцыі празь пяць год не перавышаў 4 працэнтаў. Іншай выглядае палітыка ў галіне абменнага курсу.

(Грыб: ) “Трэба будзе неяк паступова ўсё прыводзіць да таго, каб кошт беларускага рубля ў адносінах да ўмоўных грашовых адзінак быў аб’ектыўны. Бо на сёньняшні дзень, на вялікі жаль, гэта ня так. Мы лічым, што на сёньня кошт беларускага рубля нейкім чынам завышаны”.

Урад Аляксандра Лукашэнкі й Нацбанк яшчэ ня вызначыліся з плянавымі паказьнікамі па інфляцыі й абменным курсе рубля на найбліжэйшыя пяць гадоў, паведаміў прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч. Зь ягоных словаў, рэалістычны прагноз па інфляцыі на 2011 год – 5 адсоткаў. Беларускі ж рубель будзе надалей умацоўвацца, Нацбанк мае дастаткова рэсурсаў, каб яго падтрымліваць і пры гэтым не ствараць праблемаў для экспартэраў.

(Журавовіч: ) “Золатавалютных рэзэрваў, якія ёсьць на сёньняшні дзень у Нацыянальным банку, дастаткова, каб, напрыклад, і такім чынам умешвацца і ўтрымліваць курс беларускага рубля ў адносінах да іншых валют. Пагатоў гэтыя золатавалютныя рэзэрвы растуць, і на сёньняшні дзень няма неабходнасьці іх выкарыстоўваць для падтрыманьня таго ці іншага курсу”.

Прадстаўнік выбарчага штабу кандыдата Аляксандра Мілінкевіча Станіслаў Багданкевіч не выключае таго, што “экспартэры будуць шумець”, калі новы ўрад стане надалей умацоўваць нацыянальную валюту. Аднак рабіць гэта неабходна ў комплексе зь іншымі захадамі, скіраванымі на агульную лібэралізацыю эканомікі.

(Багданкевіч: ) “У нас ёсьць задача па інвэстыцыях, па абнаўленьні тэхналёгіяў, абсталяваньня, і гэта ўсё павінна прывесьці якраз да таго, што падвысіцца вытворчасьць, якасьць прадукцыі, канкурэнтаздольнасьць, што забясьпечыць большую стабільнасьць валютнага курсу й больш нізкі ўзровень інфляцыі”.

Таксама ў перадвыбарчай праграме Аляксандра Мілінкевіча пазначана, што ў 2011 годзе інфляцыя складзе ня больш за 3 адсоткі.
XS
SM
MD
LG