Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня вынесуць прысуд былому дырэктару падшыпнікавага заводу


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў судзе Заводзкага раёну Менску будзе вынесены прысуд былому дырэктару Менскага падшыпнікавага заводу Валеру Пензу і тром ягоным падначаленым, якіх падазраюць у наўмысным давядзеньні прадпрыемства да банкруцтва. Паводле кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, у беларускіх турмах ужо знаходзяцца да трох тысяч былых кіраўнікоў, асуджаных за эканамічныя злачынствы. Ці дапоўняць былыя мэнэджэры падшыпнікавага заводу гэты лік і чаму сярод дырэктараў беларускіх прадпрыемстваў гэтак шмат зладзеяў?

Валер Пенза кіраваў Менскім падшыпнікавым заводам амаль 10 гадоў, і, як кажуць у Міністэрстве эканомікі, да яго не было вялікіх прэтэнзіяў: завод застаецца ў дзясятцы найбольшых у краіне, лічыцца адным з найлепшых аналягічных прадпрыемстваў у СНД. Але год таму быццам пасьпяховая кар’ера Валера Пензы раптоўна перапынілася арыштам. Справу Пензы расьсьледавалі ў камітэце дзяржкантролю. Аглядальнік “Народнай Волі” Сяргей Сацук ад самага пачатку сочыць за справай былога дырэктара.

(Сацук: ) “Сьледчыя выставілі Пензу абвінавачваньне, што ён нібыта наўмысна вёў прадпрыемства да банкруцтва, каб потым яго таньней прадаць расейскаму алігарху. Натуральна, што імя алігарха ў судзе не гучала, але называліся прадпрыемствы, якія, як вядома, належаць Алегу Дзерыпаску. Плян захопу прадпрыемства, калі верыць сьледзтву, быў рэалізаваны праз стварэньне сумеснага гандлёвага дому”.

Сьледчыя лічаць, што Валер Пенза з дапамогай сваіх падначаленых спадароў Канановіча, Прахорчыка і Юргеля нанёс заводу стратаў на дзясяткі мільёнаў рублёў. Сёньня судзьдзя Клімовіч паставіць кропку ў гэтым працэсе, які доўжыўся некалькі месяцаў. Заўважым, пракурор лічыць віну Валера Пензы даказанай і просіць пакараць былога дырэктара 8 гадамі пазбаўленьня волі. Назіральнікі за працэсам мяркуюць, што прысуд сапраўды будзе дастаткова суровым. Між тым Валер Пенза да апошняга вінаватым сябе не прызнаваў.

Любы дырэктар заводу ў Беларусі можа хутка ператварыцца ў вязьня калёніі. У гэтым перакананы дырэктар фонду “Экон” Іван Анташкевіч, які дапамагаў ствараць эканамічны блёк выбарчай праграмы Аляксандра Казуліна. Той, нагадаем, падчас выступу па тэлебачаньні заявіў: у беларускіх турмах адбываюць пакараньні 3 тысячы кіраўнікоў прамысловасьці рознага ўзроўню.

Іван Анташкевіч тлумачыць, чаму такі кароткі шлях беларускага дырэктара ад дошкі гонару да турмы.

(Анташкевіч: ) “Кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў вымушаныя ўвесь час парушаць крайне складанае заканадаўства, каб выканаць загады зьверху. Ёсьць загад трымаць колькасьць працаўнікоў, загад выканаць плян, але крэдытных рэсурсаў недастаткова, абсталяваньне старое, падаткі трэба плаціць раней за тое, як атрымаеш прыбытак. Ім трэба выкручвацца, як і бізнэсоўцам, таму й парушаюць нешта. З другога боку, гэта жывыя людзі з асабістымі інтарэсамі, а для іх уведзеныя абмежаваньні ў заробнай плаце. Пры гэтым яны распараджаюцца велізарнымі грашыма, а прырода людзей застаецца нязьменнай, і яны пачынаюць красьці. Іх садзяць, а ў выніку ў памерах краіны гэта зьнішчыла ініцыятыву кіраўнікоў прамысловасьці: ад нас уцякае капітал і не ідуць інвэстары”.

Згодна з чарговым пяцігадовым плянам, мяркуецца, што беларуская эканоміка будзе дынамічна разьвівацца на падставе менавіта дзейных законаў. Вэртыкальнікі лічаць, што адмаўляцца ад іх няма патрэбы...

* * *

Нагадаем толькі некалькіх кіраўнікоў значных беларускіх прадпрыемстваў, якіх асудзілі або спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці ў апошнія гады. Гэта былыя дырэктары Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, вытворчага аб’яднаньня “Атлант” Леанід Калугін, Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне Юры Феакцістаў, менскага заводу Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Крывамазаў... Дасюль пад сьледзтвам знаходзяцца былы дырэктар наваполацкага аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі і былы камэрцыйны дырэктар БелАЗу Андрэй Ільянаў.
XS
SM
MD
LG