Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля”: страляць у цэнтры Менску пачаў камандзір “Алмазу”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўных СМІ за 14 сакавіка.

У панядзелак Смаленскі паліграфічны камбінат скасаваў дамовы з газэтамі “Народная воля”, “БДГ. Деловая газета” і “Товарищ”, але аўторкавыя нумары гэтых выданьняў надрукаваныя.

Тэма нумару “БДГ. Деловой газеты” – палітычныя заказы, якія час ад часу выкрываюць беларускія сілавыя структуры.

“Што вырашыць “плошча”?, “Контуры трэцяга тэрмiну”, “Размова пад заслону”, “Прынцып “19 сакавіка”, “Элегантны!” – гэта загалоўкі матэрыялаў, прысьвечаных выбарам прэзыдэнта Беларусі.

“Літаратурная дывэрсія” – так назваў Сяргей Шапран сваё дасьледаваньне аб забароне 40 гадоў назад аповесьці Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”.

Крычаўскі “Вольны горад” таксама друкуецца ў Смаленску, але ў іншай прыватнай друкарні. У панядзелак адбыўся суд над рэдактарам газэты Сержуком Няроўным. Роўна 2 месяцы таму ён быў затрыманы клімавіцкай міліцыяй на мяжы з Расеяй. Інкрымінавалася яму перавышэньне накладу газэты.

(Няроўны: ) “Судзьдзя Ірына Гурыновіч вынесла рашэньне аштрафаваць мяне на 20 базавых велічынь – гэта 620 тысяч рублёў. І ўвесь наклад газэты канфіскавалі”.

“Народная Воля” паведамляе, што 2 сакавіка “страляніну ў цэнтры Менску адкрыў камандзір “Алмазу” Мікалай Карпянкоў”. Газэта публікуе адказы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на нязручныя пытаньні журналістаў.

“Витебский курьер” публікуе інтэрвію былога сакратара Віцебскага абкаму КПБ Іосіфа Навумчыка “Страх скаваў наша грамадзтва”. Газэта зьмяшчае таксама параўнальны аналіз: “2001 – 2006. Выбары ў лічбах і асобах”. У 2001 годзе за Аляксандра Лукашэнку было сабрана 395 тысяч подпісаў, сёлета – амаль два мільёны. Наклад “Советской Белоруссии” быў 240 тысяч, цяпер – больш за паўмільёна. Сукупны наклад незалежнай прэсы ў 2001 складаў 350 тысяч, цяпер ён скараціўся да 130 тысяч, паведамляе “Витебский курьер”.
XS
SM
MD
LG