Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзяне Украіны арыштаваныя на дзесяць сутак


Радыё Свабода Пяцёх затрыманых грамадзянаў Украіны суд Фрунзенскага раёну арыштаваў на 10 сутак. Іх абвінавацілі ў парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу Беларусі, а менавіта, у парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Непаўнагадовага Цімура Літвіна беларускія ўлады выдалі прадстаўнікам украінскай амбасады, каб тыя самі накіравалі яго ва Ўкраіну. А 8 вечара студэнта Днепрапятроўскага ўнівэрсытэту пасадзілі ў цягнік “Менск-Кіеў”. Трох беларускіх грамадзянаў суд аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў, Алега Лабатага пасадзілі на трое сутак, а Матвея Чысьціка – на 10. Судзілі 11 затрыманых да 9 вечара. Суд над яшчэ трыма затрыманымі працягнецца заўтра.

У суд Фрунзенскага раёну прыйшлі некалькі дзесяткаў грамадзянаў, доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ, прадстаўнікі ўкраінскай амбасады. Судзілі затрымангых удзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам да 9 вечара.

15 чалавек затрымалі людзі ў цывільным учора ўвечары, калі яны разам зь іншымі пачалі разыходзіцца па заканчэньні сустрэчы зь Мілінкевічам ля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага. Сярод іх 6 грамадзянаў Украіны.

Анатоль Яцэнка быў у Менску на запрашэньне сваіх беларускіх калегаў. Ён зьяўляецца старшынём Украінскай фэдэрацыі шахмат і шашак. У пратаколе было напісана, што Анатоль як і іншыя затрыманыя, нібыта агучваў "лёзунгі, якія дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы".

Адзін з затрыманых, студэнт Мікола Карпіньскі з Ровенскай вобласьці, заявіў хадайніцтва, каб яму прадаставілі перакладчыка з украінскай мовы. Прадстаўнікі ўкраінскай амбасады знайшлі яму перакладчыка сярод прысутных у судзе.

Мікола Карпіньскі заявіў у судзе, што яго зьбівалі людзі ў цывільным, пры гэтым яны абкруцілі свае рукі сьцягам Украінскага народнага блёку. Мікола паведаміў суду, што падчас зьбіваньня яны нецэнзурна лаяліся і пагражалі, што прымусяць яго зьесьці сьцяг.

Мікола Карпіньскі заявіў, што беларускія ўлады арыштавалі грамадзян Украіны, каб прадухіліць прыезд у Беларусь сяброў дэмакратычных рухаў Украіны, якія выяўляюць салідарнасьць зь беларускім народам.

(Карпінскі:) “Чалавек біў мяне, наматаўшы на кулак сьцяг са словамі: “Ты яго зараз сажрэш!”. Я мяркую, што такія меры ўжываюць дзеля прадухіленьня прыезду 19 сакавіка сяброў грамадзкіх аб’яднанаьняў “Пора”, “Студэнцкае брацтва”, ды іншых людзей, якія зацікаўленыя ў правядзеньні дэмакратычных выбараў у Беларусі. Мы прыехалі ў Беларусь толькі для таго, каб сустрэцца з Мілінкевічам і выказаць сваю салідарнасьць з беларускім народам.”

Сяржант Дрозд, баец спэцназу міліцыі, быў сьведкам у справе Арцёма Бажынскага. Ён паведаміў, што грамадзяне Ўкраіны агучвалі лёзунгі, якія дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы. Паводле яго, гэта лёзунг “Беларусь у Эўропу!”. Ён патлумачыў, што гэта абражае Аляксандра Лукашэнкі, бо супярэчыць яго ўнутранай і зьнешняй палітыцы.

Арцёма Бажынскага, Ігара Галубіцкага, Міколу Карпінскага, Натальлю Касарчук і Анатоля Яцэнку суд пакараў арыштам на 10 сутак. Мацьвея Чысьціка пакаралі на 10 суткамі арышту, а Алега Лабатага – трыма. Сяржука Мацкойца і Алега Ларычава, аштрафавалі на 20, а Валянціна Сакалоўскага – на 25 базавых велічыняў. Яшчэ трох будуць судзіць заўтра.
XS
SM
MD
LG