Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў глыбока занепакоены затрыманьнем украінцаў у Менску


Юры Сьвірко, Кіеў “Робіцца ўсё больш відавочным, што ў апошні перыяд дзеяньні ўладаў Рэспублікі Беларусь у справе абмежаваньня перадвыбарчай агітацыі, свабоды сходаў і вольнага функцыянаваньня СМІ супярэчаць з дабраахвотна ўзятымі забавязаньнямі краіны перад АБСЭ ды не адпавядаюць дэмакратычным нормам і стандартам”, -- заявіла МЗС Украіны.

Украінскае МЗС сёньня абнародавала адмысловую заяву, у якой зазначаецца, што “ва Ўкраіне глыбока занепакоеныя затрыманьнем 12 сакавіка ўладамі Рэспублікі Беларусь шасьці грамадзянаў Украіны”, а таксама гвалтоўным спыненьнем рэпартажу зь Менску здымачнай групы “5-га каналу”.

Паводле заявы МЗС, украінскі бок разглядае гэты факт як парушэньне неад’емных правоў згаданых грамадзян Украіны, якія гарантаваныя міжнародна-прававымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнанымі міжнародна-прававымі дакумэнтамі. Афіцыйны Кіеў з заклапочанасью зазначае, што беспадстаўныя затрыманьні грамадзян Украіны ў Беларусі набываюць апошнім часам сыстэмны характар.

МЗС Украіны выказвае неразуменьне з тае нагоды, што дагэтуль дыпляматы ўкраінскай амбасады ў Менску не атрымалі мажлівасьці сустрэцца з затрыманымі ўкраінцамі, а гэта супярэчыць нормам Венскае канвэнцыі аб консульскіх зносінах.

“Робіцца ўсё больш відавочным, што ў апошні перыяд дзеяньні ўладаў Рэспублікі Беларусь у справе абмежаваньня перадвыбарчай агітацыі, свабоды сходаў і вольнага функцыянаваньня СМІ супярэчаць з дабраахвотна ўзятымі забавязаньнямі краіны перад АБСЭ ды не адпавядаюць дэмакратычным нормам і стандартам”, -- заявіла МЗС Украіны.

Таксама ў дакумэнце зазначаецца: “Украіна, якая заўсёды дзейнічала на карысьць вываду Рэспублікі Беларусь з міжнароднай ізаляцыі, заклікае беларускія ўлады паважаць палітычныя правы й свабоды грамадзян, забясьпечыць умовы для бесьперашкоднага асьвятленьня ў СМІ выбарчай кампаніі кандыдатаў, а таксама няўхільна прытрымлівацца забавязаньняў перад АБСЭ наконт правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў”.

Украінскі бок заклікаў неадкладна вызваліць затрыманых грамадзян Украіны.
XS
SM
MD
LG