Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Пінску не задаволіў пазоў супраць мясцовых уладаў


Радыё Свабода Гарадзкі суд Пінску не задаволіў пазоў актывіста штабу Аляксандра Мілінкевіча супраць мясцовых уладаў. Аляксандр Аўсеенка дамагаецца адмены папярэджаньня адміністрацыйнай камісіі пінскага гарвыканкаму, выстаўленага падчас збору подпісаў.

Спадара Аўсеенку некалькі разоў затрымлівалі на той падставе, што ён, нібыта, замінаў на вуліцы хадзіць і шмат сьмеціў. За гэта яму й было выстаўленае афіцыйнае папярэджаньне. Аляксандр Аўсеенка называе абвінавачаньні надуманымі й несправядлівымі. Аднак ягонага пазову да гарадзкіх уладаў судзьдзя Краўчук у прысутнасьці назіральнікаў АБСЭ не задаволіла. Вось як гэта пракамэнтаваў свабодзе спадар Аўсеенка.

(Аўсеенка:) “Ну, судзілішча, папярэджаньне ня мне трэба рабіць, а з дакладнасьцю наадварот. Яны хочуць мяне неяк “прышчаміць” за тое, што я не даю спакою”.

Паводле спадара Аўсеенкі, мясцовыя ўлады таксама ціснуць на ягоную сям’ю. Аднак ён ня мае намеру адступаць і рыхтуецца зьвярнуцца ў Берасьцейскі абласны суд. Таксама днямі гарадзкі суд Пінска пакараў Аляксандра Аўсеенку штрафам у памеры чатыры базавыя велічыні паводле артыкулу аб парушэньні выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG