Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьбітага студэнта адвезьлі ў шпіталь, а потым асудзілі


Радыё Свабода Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Надзея Равуцкая пастанавіла арыштаваць яшчэ аднаго актывіста штабу Аляксандра Мілінкевіча. Студэнта Міхала Воўчака адвезьлі ў ізалятар са зламаным пальцам.

Сёньня ўвечары быў асуджаны яшчэ адзін актывіст штабу Аляксандра Мілінкевіча – 22-гадовы менскі студэнт Міхал Воўчак. Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Надзея Равуцкая пакарала актывіста 12 суткамі адміністрацыйнага арышту. Паводле пастановы судзьдзі, Міхал Воўчак аказаў супраціў міліцыянтам падчас затрыманьня. Цікава, што ў выніку пацярпеў сам затрыманы – яму зламалі палец. З гэтай траўмай Міхал Волчак правёў два дні ў пастарунку, а сёньня, калі яго прывезьлі ў суд, у яго падняўся ціск. Актывіста адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі і адтуль зноў у суд. Вось што распавяла Ірына Бахун, сяброўка Міхала, пра тое, што зь ім адбывалася ў шпіталі.

(Бахун: ) “Не, яго не паклалі. Калі яго прывезьлі ў шпіталь, ціск ў яго ужо апусьціўся, лекары агледзелі ягоны паламаны палец, але міліцыянты фактычна не далі там застацца. Дактары, праўда, казалі потым, калі даведаліся, за што яго, што калі б ён паскардзіўся, то яго б паклалі ў шпіталь”.

Ірына Бахун са словаў свайго сябра ведае, як яго затрымлівалі. Гэта было ў суботу, 11 сакавіка, на прыпынку гарадзкога транспарту на плошчы Мясьнікова. Міхал Воўчак зьбіраўся сядаць ў тралейбус, як да яго падскочылі чацьвёра ў цывільным і пацягнулі ў аўтамабіль. Там хлопца зьбівалі і пры гэтым казалі, што за ім сачылі і гэтак “выкрылі ягоную злачынную сетку”, -- кажа Ірына Бахун. Паводле яе, 19 сакавіка Міхал Воўчак зьбіраўся разам з іншымі актывістамі назіраць за выбарамі на адным з участкаў.

Нагадаю, раней судзьдзя Маскоўскага раённага суду Надзея Равуцкая асудзіла на 15 сутак намесьніка старшыні выбарчага штабу Мілінкевіча Вінцука Вячорку, былога дэпутата Сяргея Антончыка і ягонага сына, а таксама яшчэ некалькі актывістаў.
XS
SM
MD
LG