Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтастоп "да апошняй дыктатуры" прыехаў у Варшаву


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ўдзельнікі міжнароднай акцыі “Ці магу я атрымаць права?” (Can I get a right?), якія пратэстуюць супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, прыехалі ў Варшаву. Акцыю, у якой ўзялі ўдзел палякі, немцы, галяндцы ды іншыя, наладзіла праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя”.

6 сакавіка з Амстэрдаму “да мяжы апошняй дыктатуры ў Эўропе” аўтастопам выехалі каля трох дзесяткаў студэнтаў з групаў падтрымкі “Міжнароднай амністыі”, якія па дарозе ладзілі інфармацыйныя акцыі – у Галяндыі, Нямеччыне – прысьвечаныя парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.

Студэнты зь некалькіх эўрапейскіх краінаў маюць намер 16 сакавіка – за тры дні да выбараў – прыехаць на польска-беларускую мяжу, каб выказаць сваю салідарнасьць перадусім зь беларускай моладзьдзю.

Сёньня актывісты “Міжнароднай амністыі” былі ў Варшаве. У цэнтры гораду яны ўсталявалі вялікія партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў. Гаворыць Валт Олбэрс з Галяндыі:

(Олбэрс: ) “Мы арганізавалі гэтую акцыю, у часе якой маем намер даехаць да мяжы зь Беларусьсю, каб паказаць, што паўсюль у Эўропе, вось як тут у Варшаве, мы можам свабодна пратэставаць супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а ў самой Беларусі гэта ўжо было б немагчыма. Сотні людзей прыходзілі на сустрэчы з намі ў Нямеччыне і Галяндыі”.

Матэуш Зэглінські з Польшчы:

(Зэглінські: ) “У цяперашняй палітычнай сытуацыі шмат хто забыўся на тое, што Беларусь гэта адзіная краіна ў Эўропе, дзе дагэтуль выконваюцца прысуды аб сьмяротным пакараньні. Гэта адна з найважнейшых праблемаў, якая непакоіць “Міжнародную амністыю”, але ня менш важна і тое, што ў Беларусі няма свабоды выбару. Мы не падтрымліваем нейкую партыю ці кандыдата, для нас важна, каб не парушаліся правы чалавека, так як гэта робіцца цяпер у Беларусі”.

Па дарозе да беларуска-польскай мяжы, удзельнікі акцыі прапаноўваюць жыхарам розных краінаў запоўніць уласныя “бюлетэні для галасаваньня”, дзе галоўныя пытаньні – ці можна ў Беларусі свабодна выказваць уласныя меркаваньні, ці ёсьць свабода сходаў, выезду за мяжу і гэтак далей.

Вынікі гэтага міжнароднага галасаваньня будуць прадстаўленыя ў Беластоку праз тры дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG