Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністы правялі антызаходні мітынг (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Людзі, якія прадставіліся чальцамі Камуністычнай партыі Беларусі, сёньня зладзілі ў Менску пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, супраць Захаду.

Прыблізна паўтара дзясятка чалавек стаялі на бульвары Талбухіна, ля ўваходу ў мэтро “Парк Чэлюскінцаў”.

Яны трымалі чырвона-зялёныя сьцягі, партрэт Лукашэнкі, а таксама ўсталявалі расьцяжкі кшталту:

“Квасневский, Валенса! Лучше быть последней диктатурой Европы, чем первой проституткой США”, “КГБ! Отлови бендеровцев из “ПОРЫ”, тутейших из “ЗУБРА”, горилл из “ОТПОРА” и отомсти за Милошевича”, “Полицаи служили фашистам, “свядомые демократы” – США и Западу. И те и другие – предатели”.

Удзельнікі пікету таксама раздавалі мініком расейскую газэту “Правда”.

Пікет пачаўся прыкладна а чацьвертай увечары, якраз тады, калі з гадзіньнікавага заводу выходзяць работнікі пасьля зьмены. Мэту сваёй акцыі (зь іхных словаў, санкцыяванай) удзельнікі пікету растлумачылі так.

(Пікетоўца: ) “Прадэманстраваць нашую, так бы мовіць, адданасьць нашаму кандыдату на прэзыдэнта”.

(Іншы пікетоўца: ) “Адданасьць палітыцы прэзыдэнта. Мы яе падтрымліваем і лічым, што гэтую палітыку трэба праводзіць і надалей, выводзіць Беларусь у лік найлепшых дзяржаваў Эўропы”.

Пікетоўцы заяўлялі, што іншага прэзыдэнта яны “не прадугледжваюць і ня бачаць нікога, апрача Лукашэнкі”. Пра іншых кандыдатаў выказваліся непрыязна.

(Пікетоўца: ) “Ну, Мілінкевіч што? Ён пацягне нас на Захад, мы можам страціць самастойнасьць Беларусі. Расейцы і беларусы – гэта лічы адзін і той самы народ”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі мы далучымся да Расеі, мы сваю самастойнасьць ня страцім?”

(Пікетоўца: ) “Не! Вось Лукашэнкава заслуга ў тым, што мы далучаемся да Расеі й захоўваем сваю самастойнасьць. Будуць дзьве дзяржавы”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі мы будзем скіраваныя на Захад, то мы страцім незалежнасьць?”

(Пікетоўца: ) “Захад нашую дзяржаўнасьць праглыне папросту. Ну проста падпарадкуе нас. Вось Польшча, больш за сто мільярдаў пазыкі перад Амэрыкай. І што? Яна скача пад Амэрыку!”.

Да Польшчы некаторыя з удзельнікаў акцыі выказвалі асаблівае стаўленьне. Крытыкавалі лідэра Саюзу палякаў Анжаліку Борыс і згадвалі мінулае.

(Пэнсыянэр: ) “Я жыў і працаваў пры Польшчы, гэта Заходняя Беларусь, тры клясы польскай школы скончыў. Вшыстко розуме по-польску. Зь сялянаў, хто зь Беларусі, не паляк, а беларус, больш за чатыры клясы ён ня меў права скончыць”.

Адной з заслугаў Лукашэнкі камуністы лічаць колішняе рашэньне вярнуць савецкую сымболіку, бо сапраўдную незалежнасьць Беларусь набыла толькі за савецкай уладай, – цьвердзяць яны.

(Мужчына: ) “Конь зь вершнікам – у Літвы такіж самы сымбаль. Якое мы дачыненьне маем да Літвы? Было Княства Літоўскае, а Беларусь яму падпарадкоўвалася, разумееце? Якое дачыненьне гэты конь мае да Беларусі?!”

Пікетоўцы ўвесь час дэманстравалі сваю варожасьць да ўсяго, што зьвязана з Захадам. У паасобку – да радыё Свабода.

(Пікетоўца: ) “Я ўвесь час слухаю Свабоду для чаго? Каб узьняўся адрэналін у мяне. І ў мяне зьяўляецца жаданьне адкапаць аўтамат, пасьля таго, як паслухаю вашую радыёстанцыю, Свабоду”.

Выпадковыя мінакі, што праходзілі паўз пікетоўцаў, назіралі за акцыяй камуністаў з усьмешкай.

(Дзяўчына: ) “Нібыта цікава… Зараз прыйдуць, будуць усе глядзець. Але я ўсё ж лічу, што Лукашэнка выйграе, што б ні было.

(Студэнт: ) “Нашыя студэнты вельмі ўдзячныя нашаму, так бы мовіць, бацьку за тое, што ён дае нам сьветлую будучыню. Ня ведаю, праўда, як доўга мы яшчэ будзем на каленях паўзьці ў тую будучыню”.

(Спадарыня: ) “Яны выражаюць сваю думку, але ж у нашай краіне час Лукашэнкі ўжо скончаны”.













XS
SM
MD
LG