Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад чаго памёр Слабадан Мілошавіч?


Кастусь Бандарук, Прага Міжнародны Трыбунал у Гаазе мае выдаць сёньня цела былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча ягонай сям’і. У Гаагу ўжо накіраваўся сын Мілошавіча – Марка. Адвакат Здэнка Томанавіч паведаміў, што былы прэзыдэнт Мілошавіч будзе пахаваны на радзіме, у Сэрбіі. Аднак паводле прэзыдэнта Сэрбіі Барыса Тадзіча, ня будзе дзяржаўнага, афіцыйнага пахаваньня, толькі прыватная жалобная цырымонія.

Слабадан Мілошавіч быў знойдзены мёртвым у суботу 11 сакавіка ў сваёй камэры ў турме Міжнароднага суду ў Галяндыі. Афіцыйная прычына сьмерці пакуль не вядомая. Паводле папярэдніх вынікаў ускрыцьця, Мілошавіч памёр ад інфаркту.

Галяндзкі спэцыяліст ў галіне судовай мэдыцыны таксыколяг Рональд Угэс заявіў, што ў аналізах крыві Мілошавіча ад 12 студзеня былі выяўленыя субстанцыі, якія звычайна ўжываюцца супраць праказы і сухотаў. Яны вядомыя тым, што нэўтралізуюць тэрапію супраць гіпэртаніі. Нагадаем, што Мілошавіч скардзіўся на сэрца і высокі ціск цягам чатырох гадоў працэсу ў Гаазе.

Адвакат Мілошавіча Здэнка Таманавіч:

(Таманавіч: ) “Не падлягае сумневу, што Мілошавіч шмат разоў публічна ў часе слуханьняў ў судзе скардзіўся на слабое здароўе. Усе мы, хто прысутнічаў на працэсе ўсьведамлялі той факт, што Мілошавіч сапраўды выглядае і адчувае сябе вельмі дрэнна”.

У канцы лютага былы югаслаўскі прэзыдэнт папрасіў дазволіць яму паехаць на лячэньне ў Маскву. Расейскае МЗС гарантавала, што пасьля сканчэньня курсу лячэньня Мілошавіч будзе адпраўлены назад у Гаагу, аднак Міжнародны трыбунал адкінуў просьбу падсуднага.

Учора адвакат Мілошавіча зачытаў адрасаваны расейскаму МЗС''у ліст, напісаны ягоным кліентам за дзень перад сьмерцю. Былы прэзыдэнт Югаславіі пісаў, што яго нібыта хочуць атруціць. "Прашу дапамагчы і абараніць мяне ад крымінальных дзеяньняў, якія праводзяцца зь ведаму ААН”, – пісаў Мілошавіч.

“Ён ня меў іншага выбару, як толькі памерці натуральнай сьмерцю альбо кончыць жыцьцё самагубствам”, – заявіла галоўная пракурор Міжнароднага трыбуналу Карла дэль Понтэ. Аднак паводле аднаго з адвакатаў Стывэна Кэя, усяго за два дні перад сьмерцю Мілошавіч казаў яму: “Не на тое я так доўга змагаюся, каб сабе самому зрабіць крыўду”.

Для часткі сэрбскага грамадзтва прычына сьмерці Мілошавіча – відавочная. "Забіты без прысуду", "Гаага забіла Мілошавіча" – з такімі загалоўкамі выйшлі некаторыя сэрбскія газэты. Прыхільнікі Мілошавіча назвалі ягоную сьмерць "вялікай стратай для сэрбскага народу". З другога боку, многія іншыя выказваюць шкадаваньне, што чалавек па мянушцы “мясьнік Балканаў” не дачакаўся справядлівага прысуду. Нагадаю, ён быў адхілены ад ўлады 5 кастрычніка 2000 году і празь пяць месяцаў новы прэзыдэнт Войслаў Каштуніца выдаў яго Міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе.

Пакуль не вядома, дзе Слабадан Мілошавіч будзе пахаваны. Паводле сэрбскіх уладаў, дзяржаўнага пахаваньня ня будзе. Удава Мір''яна Маркавіч жыве ў Маскве. Яна ня можа прыехаць на пахаваньне мужа, паколькі ў Сэрбіі ёй пагражае арышт. Дачка Мілошэвіча Марыя выказала жаданьне, каб бацьку пахавалі ў ягоным родным гарадку ў Чарнагорыі побач зь дзедам.

***

Нагадаем, у падтрымку вызваленьня Мілошавіча выступаў беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка. На саміце ў ААН 15 верасьня 2005 году ён заявіў:

(Лукашэнка: ) "Кіраўнікі зьнішчаных Югаславіі й Іраку па непацьверджаных, абсурдных, надуманых абвінавачаньнях кінутыя за краты. Так зручней за ўсё схаваць праўду аб зьнішчэньні іхных дзяржаваў. Суд над Мілошавічам даўно стаў карыкатурай. Садам Хусэйн, як у сьвеце дзікуноў, ададзены на літасьць перможцы.... Яны павінны быць на свабодзе і свабодна абараняць свае правы!"
XS
SM
MD
LG