Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cудзяць украінцаў і беларусаў, якія сустракаліся зь Мілінкевічам


Радыё Свабода У судзе Фрунзэнскага раёну Менску разглядаюцца адміністрацыйныя справы затрыманых удзельнікаў сустрэчы з кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам. Першымі пачалі судзіць грамадзян Украіны.

Украінцаў затрымалі людзі ў цывільным учора ўвечары, калі яны разам зь іншымі пачалі разыходзіцца па заканчэньні сустрэчы зь Мілінкевічам ля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага.

Адзін з затрыманых, студэнт Мікола Карпіньскі з Ровенскай вобласьці, заявіў хадайніцтва, каб яму прадаставілі перакладчыка з украінскай мовы. Прадстаўнікі ўкраінскай амбасады знайшлі яму перакладчыка сярод прысутных у судзе.

Мікола Карпіньскі заявіў у судзе, што яго зьбівалі людзі ў цывільным, пры гэтым яны абкруцілі свае рукі сьцягам Украінскага народнага блёку. Мікола паведаміў суду, што падчас зьбіваньня яны нецэнзурна лаяліся і пагражалі, што прымусяць яго зьесьці сьцяг.

Судзьдзя не зьвярнула на гэта ніякай увагі і пакарала хлопца арыштам на 10 сутак.

Натальля Касарчук, студэнтка з украінскага пэдінстытуту ў горадзе Роўна, была пакараная арыштам 10 сутак.

Анатоль Яцэнка быў у Менску на запрашэньне сваіх беларускіх калегаў. Ён зьяўляецца старшынём Украінскай фэдэрацыі шахмат і шашак. У пратаколе было напісана, што Анатоль як і іншыя затрыманыя, нібыта агучваў "лёзунгі, якія дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы".

Нягледзячы на яго абвяржэньні, судзьдзя арыштавала Анатоля Яцэнку на 10 сутак.

Мікола Карпіньскі заявіў, што беларускія ўлады арыштавалі грамадзян Украіны, каб прадухіліць прыезд у Беларусь сяброў дэмакратычных рухаў Украіны, якія выяўляюць салідарнасьць зь беларускім народам.

Суд працягваецца. Сярод затрыманых удзельнікаў сустрэчы ёсьць і людзі выпадковыя, якія трапілі ў рукі групы захопу КДБ.

Сярод украінскіх грамадзянаў ёсьць непаўнагадовыя.

Апрача ўкраінцаў у Фрунзэнскі суд даставілі каля дзесяці беларускіх грамадзян, якіх таксама чакае суд.

Падрабязнасьці з залі суду слухайце ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.

Гл. таксама • Пачаліся суды над затрыманымі пасьля сустрэчы зь Мілінкевічам • Ганна Гаражэнка пра менскі АМОН: “Я ніколі такога хамства ня бачыла” • Украінскую журналістку затрымалі ў Менску падчас эфіру (аўдыё)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG