Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні тыдзень агітацыйнай кампаніі: чым займаліся Гайдукевіч і Казулін


Радыё Свабода Пачаўся апошні тыдзень агітацыйнай кампаніі. Чым займаліся сёньня кандыдаты на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Казулін?

Актывісты Сяргея Гайдукевіча правялі піяр-кампанію ў шэрагу гарадоў краіны.

(Гайдукевіч: ) “З паловы другой у Берасьці, Горадні, Лідзе, Баранавічах, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Жодзіне, Мазыры, Рагачове, Воршы, Полацку, ва ўсіх буйных гарадах, усе адначасова масава выходзім улёткі клеіць. Усё пераклеім, вакзалы, самыя буйныя месцы, дзе зьбіраецца шмат людзей”.

У Барысаве агітатары пачалі клеіць партрэты Гайдукевіча на дрэвах. За гэта й былі затрыманы міліцыяй.

(Гайдукевіч: ) “У Барысаве затрымалі Чупіна і зь ім двух чалавек. У Берасьці затрымалі. У Гомелі ў гадзіну ночы адстойвалі сваіх. А што тут такога? Якая нам розьніца?! Затрымліваюць — гэта ж выбарчая кампанія. Затрымалі — выйшлі”.

Спадар Гайдукевіч шпацыруе сёньня па Менску, а неўзабаве выяжджае ў Магілёў. Ён лічыць свой мэтад агітацыі найлепшым:

(Гайдукевіч: ) “З кім сустракаецца Мілінкевіч і Казулін? Са сваімі прыхільнікамі. А Гайдукевіч сустракаецца з выбарцамі. За 15 хвілін тысячы мяне бачаць, калі праходжу”.

У Аляксандра Казуліна сёньня візыт за межы Беларусі.

Ён накіраваў шэраг зваротаў у вышэйшыя органы ўлады з просьбай даць прававую ацэнку парушэньням заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Спадар Казулін патрабуе праверкі законнасьці выбараў і рэгістрацыі кандыдатам Аляксандра Лукашэнкі. Тлумачыць давераная асоба Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Ёсьць людзі, якія думаюць, што 19 сакавіка пачнецца ці завершыцца жыцьцё. Яно не пачнецца і не завершыцца. І ўсе тыя заявы, якія мы пішам цяпер, застаюцца — і надыдзе час, калі за кожны крок, які быў зроблены, у тым ліку і першымі асобамі праваахоўных органаў, прыйдзецца адказваць. Мы ведаем, што гэта ўлада прынцыпова будзе сабатаваць усё тое, што мы ёй пішам. Але пытаньне ў тым, што мы назапашваем крытычную масу”.

Спадар Нісьцюк і іншыя давераныя асобы працягваюць сустракацца з выбарцамі. Сёньня ж са старшынём грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі рэспубліканскі клюб выбарцаў” Уладзімерам Гудзеевым вырашаліся пытаньні назіраньня за выбарамі. Паводле спадара Гудзеева, плянуецца зарэгістраваць каля трох тысяч назіральнікаў.

(Гудзееў: ) “ Мы хочам усё ж дамагчыся, каб камісіі сумленна выбары праводзілі. Мы хочам мець рэальныя вынікі галасаваньня. Усе зьвесткі, якія атрымаем, мы ў камандзе Казуліна, канечне, прадставім”.
XS
SM
MD
LG