Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая галоўная грамадзкая праблема падчас цяперашняй выбарчай кампаніі і які імідж маюць Лукашэнка, Мілінкевіч і Казулін у грамадзтве?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 10 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітолягі Сьвятлана Навумава, Уладзімер Падгол і культуроляг Максім Жбанкоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Хоць выбарчая кампанія праходзіць і ў няроўных умовах, апазыцыйным кандыдатам ладзяць усялякія перашкоды ў кантактах з выбаршчыкамі, усё ж людзі маглі ўбачыць па тэлевізіі, пачуць па радыё, даведацца зь іншых крыніцаў пра кандыдатаў у прэзыдэнты, убачыць іхныя твары, мець пра іх нейкае ўяўленьне. Ці зьявіліся ў галовах простых выбаршчыкаў нейкія дакладныя вобразы кандыдатаў? Ці яны не дакладныя, няпэўныя? Якія гэтыя вобразы?”

(Сьвятлана Навумава: ) “Тое, што адбываецца цяпер у краіне, выбарамі назваць нельга. Мы робім выгляд, што ў нас у краіне ідзе выбарчая кампанія — насамрэч яе няма. Але ўсё ж такі нешта адбываецца. Мы маем пэўны досьвед імітацыі выбараў у аўтарытарнай сыстэме. Вобразы кандыдатаў склаліся дастаткова хутка, яшчэ да выбарчай кампаніі. У Лукашэнкі вобраз дабрадзея, то бок чалавека, які ўсё ведае, усё ўмее, усё можа і ўсімі апякуецца.

Мілінкевіч, безумоўна, іграе ролю апазыцыянэра, хоць ён часта пазьбягае гэтага слова. Што тычыцца Казуліна, то ў яго абсалютна пэрсанальная выбарчая кампанія. Ён іграе самага сябе. У яго атрымаўся такі вельмі забаўны кактэйль з прафэсара і марскога пехацінца, дзе марпех відавочна пераважае над прафэсарам. У гэтым сэнсе ён мне вельмі нагадвае Лукашэнку ў 1994 годзе”.

(Максім Жбанкоў: ) “Перадусім, хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, як раскручваецца кандыдатам ад улады славуты слоган “За Беларусь!”. Калі раней Лукашэнка выкарыстоўваў стабільную формулу “Я ваш прэзыдэнт”, то цяпер кампанія “За Беларусь!” адлюстроўвае пэўны недахоп асабістых харызматычных рэсурсаў у дзейнага кіраўніка. Цяпер працуе фармулёўка “Я ёсьць Беларусьсю”. І атрымліваецца, што ўсё, што Беларусь, — Лукашэнка. То бок, ён хаваецца за краіну і прапануе выбіраць краіну, адначасова абіраючы яго.

Што да Казуліна, то сапраўды ён выглядае такім дзіўным прафэсарам-марпехам. Спадар Падгол аднойчы адзначыў, што тэрмінатара-Лукашэнку будзе здольны перамагчы толькі антытэрмінатар. І Казулін у пэўнай ступені якраз выконвае вось гэтую місію антытэрмінатара, жорсткага адміністратара, які спрабуе гуляць з Лукашэнкам па ягоных правілах. Казулін цяпер вельмі падобны да Лукашэнкі ранейшага часу, калі той прарываўся з адарваным рукавом у адміністрацыйны будынак празь міліцыянтаў.

Што тычыцца Мілінкевіча, то ягоны вобраз такога шляхетнага беларуса падаецца занадта інтэлігентным для нашага электарату. Гэта кандыдат лепшай будучыні. Але якой яна будзе, для большасьці электарату абсалютна не відавочна”.

(Уладзімер Падгол: ) “Тут нам трэба разьмежаваць тое, як самі кандыдаты хочуць падаць сябе народу, і ўспрыманьне простага абывацеля. Казулін спрабуе падаць сябе як народнага пракурора. Ён усаджвае Лукашэнку на лаву падсудных і патрабуе адказу. І ён справакаваў Лукашэнку.

Той на Ўсебеларускім сходзе, замест дэманстрацыі сябе як пераможцы, уладара, стваральніка, сеў на лаву падсудных і ўсяляк апраўдваўся.

Але вось гэтая ўсьмешка Казуліна ўсе ягоныя вобразы (а там вобразу прафэсара і блізка няма, ёсьць марпех, блазан) перакрыжоўвае. Але для тых, да каго далятаюць толькі водгукі гэтага скандалу, успрымаюць яго як новага тэрмінатара, які прэцца ва ўладу. А Мілінкевіч дэманструе ролю інтэлігентнага мудраца”.

(Карбалевіч: ) “Учора па тэлеканале АНТ у праграме “Выбар” паказвалі нешта падобнае на перадвыбарчую дыскусію. І вядучы ўвесь час пытаўся ў прадстаўнікоў розных кандыдатаў: якія галоўныя палажэньні, ідэі праграмы вашага кандыдата. Але праблема ў тым, што пад праграмай розныя людзі разумеюць зусім розныя рэчы. Хутчэй, выбаршчыкаў цікавіць галоўная ідэя прэтэндэнтаў. Напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году кандыдаты ішлі на выбары зь вельмі выразнай ідэяй. Лукашэнка — гэта барацьба з карупцыяй. Пазьняк — гэта ўмацаваньне незалежнасьці краіны і нацыянальнае адраджэньне. Кебіч — гэта грашовае аб’яднаньне з Расеяй. Камуніст Новікаў заклікаў вярнуцца ў савецкі час.

А вось што цяпер? Лукашэнка, выступаючы на Ўсебеларускім сходзе, імкнуўся прынізіць сваіх апанэнтаў і казаў пра іх: шмат гаварыў, крытыкаваў, а назаўтра ў памяці людзей нічога не засталося. Праўда, тое ж самае можна аднесьці і да дакладу самаго Лукашэнкі на гэтым сходзе. Тым ня менш, пытаньне: ці есьць нейкая цэнтральная ідэя, галоўнае пасланьне, мэсыдж у кампаніі кожнага з кандыдатаў, якое б рабіла яго пазнавальным, запамінальным у вачах абывацеля? Калі ёсьць — то што?”

(Навумава: ) “Мне падаецца вельмі правільнай думка, якую выказаў Падгол наконт таго, што самі кандыдаты хочуць сказаць, і што людзі чуюць. Якраз мае сэнс казаць пра тое, што людзі чуюць. У гэтым сэнсе, калі мы выйдзем на вуліцу Менску і спытаемся, што людзі пачулі, пра што казаў Лукашэнка на Ўсебеларускім сходзе, то я думаю, людзі згадаюць, як ён лаяў Казуліна, называў “падонкам”. Таму што гэта яскравы момант яго выступу. А ўсё астатняе, што тычыцца росту валавога ўнутранага прадукту, нейкіх эканамічных тэндэнцыяў, людзі гэтага ня памятаюць.

Сёньня фактычна толькі ў двух кандыдатаў ёсьць нейкі мэсыдж: у Лукашэнкі і Мілінкевіча. Я не кажу, што ў Казуліна няма праграмы. Проста яна не прачытваецца выбаршчыкамі. У Лукашэнкі мэсыдж вельмі просты. Ён кажа: я ведаю, як трэба. А ў Мілінкевіча мэсыдж вельмі падобны. Ягонае пасланьне прачытваецца так: я ведаю, як ня трэба”.

(Жбанкоў: ) “Мне падаецца, што менавіта мэсыдж Лукашэнкі выглядае найбольш прымальным для масавай сьвядомасьці. Сапраўды, ён кажа: я ведаю, як трэба. Але адначасова гэта яшчэ адна тэза: стабільнасьць і дабрабыт. Альбо сказаць па-іншаму: усё будзе добра. Формула абсалютна прымальная для кожнага з тых людзей, які час ад часу пазіраюць на тэлеэкран і нават не разважаюць пра выбары.

У Казуліна ёсьць просты слоган, вельмі падобны да таго, што малююць на сьценах дамоў: “Трэба сыходзіць”, “Надакучыў”. Ён прапануе Лукашэнку вызваліць месца для сябе. “Дай паруліць”, — як казалі ў час перабудовы. Базавы мэсыдж Мілінкевіча выглядае найбольш размытым і абстрактным для масавай сьвядомасьці. “Свабода” — цудоўнае слова, але яно мае для кожнага чалавека свой уласны сэнс. Гэты слоган трэба ўдакладняць, разгортваць. Мне падаецца, што наш электарат за свабоду змагацца проста не гатовы. Таму ў Мілінкевіча цяпер даволі дзіўны вобраз — новы прарок. Ён чымсьці падобны да Хрыста ў выгнаньні. І вельмі непажадана, каб гэты вобраз трансфармаваўся ў прарока-пакутніка”.

(Падгол: ) “Мэсыдж Лукашэнкі: усё будзе, як ёсьць, а ўсіх астатніх будзем біць. Наконт вобразу Мілінкевіча. Тут патрэбна невялікая заўвага. Вобразы апазыцыянэраў ствараюць як яны самі, так і афіцыйная прапаганда. І сумарны, інтэграцыйны мэсыдж Мілінкевіча: будзе як на Захадзе. Мэсыдж Казуліна абсалютна псыхалягічны, ніякіх ідэяў: будзем біцца. Вось гэтыя тры мэсыджы паступілі ў масавую сьвядомасьць”.

(Навумава: ) “Вось чым, уласна кажучы, прываблівае Казулін, які выйшаў і сказаў: Аляксандар, вярні грошы народу; твая грамадзянская цешча працавала міністрам. І народ стаў гэта паўтараць. Таму што такія пэўныя заявы добра запамінаюцца і вельмі цікавыя. А разважаньні пра свабоду, канечне, патрабуюць пэўнай інтэлектуальнай працы. Што далёка ня ўсе могуць сабе дазволіць”.

(Падгол: ) “Лукашэнка раз-пораз дасылае вельмі дзіўныя мэсыджы, якія часта тычацца таго, што будзе, калі ён сыдзе”.

(Карбалевіч: ) “Ці ёсьць нейкая цэнтральная праблема, тэма, галоўная антытэза, нейкі ідэалягічны, палітычны, каштоўнасны канфлікт, вакол якога ідуць асноўныя спрэчкі, які стаіць на парадку дня цяперашняй кампаніі? Напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1996 году ў Расеі, калі асноўнымі канкурэнтамі былі дэмакрат Ельцын і камуніст Зюганаў, найбольш дыскутавалі стаўленьне да камуністычнага мінулага. Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне галоўным пытаньнем кампаніі была праблема якасьці ўлады. І дзьве судзімасьці Януковіча вельмі дапамаглі камандзе Юшчанкі закцэнтаваць увагу на гэтай праблеме. А вось якое пытаньне стаіць на парадку дня цяперашняй выбарчай кампаніі? Ці, можа, яго проста няма, а адбываецца толькі лаянка паміж кандыдатаў, якая даходзіць да прымяненьня сілавых прыёмаў?”

(Навумава: ) “Гэта каштоўнасны канфлікт, які апошнія гады існуе ў нашым грамадзтве. Яго можна па-рознаму абазначаць. Хтосьці абазначае яго дыхатаміяй Усход—Захад. Можна казаць, што гэта канфлікт такіх каштоўнасьцяў, як свабода і справядлівасьць. Але гэта вельмі глыбокая філязофская тэма. Ёсьць тэзіс, які ўсяляк прапануе Лукашэнка. Ён прапануе лічыць галоўным канфліктам такі: народ — не народ. Да апошняга адносяцца “адмарозкі”. Мы можам называць далей па-іншаму гэты канфлікт каштоўнасьцяў.

Але праблема ў тым, што гэты пэрыяд выбарчай кампаніі з усёй відавочнасьцю паказаў: унутры адной Беларусі канчаткова сфармаваліся дзьве краіны, якія паступова пачынаюць адыходзіць усё далей адна ад адной. Гэта ня проста раскол грамадзтва, як звычайна кажуць. Там адна частка за “бацьку”, іншая супраць. Гэта сапраўды дзьве краіны з рознымі каштоўнасьцямі. І адбываецца працэс, які мы можам назваць інкапсуляцыяй гэтых краінаў — то бок, яны замыкаюцца самі ў сябе. І дыялёг паміж імі становіцца ўсё менш і менш магчымы. Гэта самае трагічнае, што мы назіраем сёньня. І гэта цэнтральная праблема”.

(Карбалевіч: ) “Але ці зьяўляецца гэтая праблема прадметам дыскусіяў падчас гэтай выбарчай кампаніі?”

(Навумава: ) “Падчас гэтай кампаніі дыскусіяў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты не адбываецца. Дыскусіі адбываюцца ў сем’ях, студэнцкіх групах. Людзі дыскутуюць паміж сабою. А публічнай дыскусіі няма ніякай. Так, адзін кандыдат называе другога з трыбуны “падонкам”. А той адказвае: вярні грошы, Аляксандар, якія ты скраў. Але гэта наўрад ці можна назваць дыскусіяй. Калі я кажу пра гэты канфлікт дзьвюх краінаў, то ён можа працягвацца даволі доўга. І неабавязкова ён трансфармуецца ў нейкую грамадзянскую вайну. Гэта такая шэрая грамадзянская вайна, якая можа быць яшчэ больш небясьпечнай, чым сілавыя сутыкненьні”.

(Жбанкоў: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, як выразна прысутнічае ў нашай палітычнай сытуацыі тое, што можна акрэсьліць, як страх рэвалюцыяў. З аднаго боку, улада кажа: у нас гэтага ня будзе. Зь іншага боку, апазыцыя апраўдваецца: не, мы не рэвалюцыянэры. Насамрэч галоўны канфлікт — гэта канфлікт абароненасьці (як насельніцтва, так і эліты) і прагі пераменаў. Ці будзе нейкі зрух? “Ня будзе, — кажа Лукашэнка, — будзе стабільнасьць”. “Будзе”, — кажа Мілінкевіч. Сапраўды, мы жывем адначасова ў дзьвюх краінах. Гэта ня толькі культурная шызафрэнія. Гэта ў пэўным сэнсе і палітычная шызафрэнія”.

(Падгол: ) “Я буду супярэчыць вам, спадарыня Навумава. Выбары адбываюцца — і неверагодна жорсткія і моцныя. Выбар адбываецца ў мазгах абсалютна кожнага, нават забулдыгі і п’янтоса. Гэта выбар паміж такімі каштоўнасьцямі: жыць “па паняціях” ці па законе; жыць згодна з уладай сілы ці згодна зь сілай улады. Лукашэнка прадстаўляе той бок, які кажа: галоўнае быць моцным, скрасьці й быць незаўважаным. А Мілінкевіч прадстаўляе супрацьлеглую пазыцыю: заходнія каштоўнасьці, прапануе жыць па цывілізацыйных законах. Напрыклад, на Ўсебеларускім сходзе Лукашэнка два разы заклікаў да гэтага. Ён казаў, што ляжыць на стале разабраны заходні камбайн, і кожную часьцінку мае людзі капіююць. А вы чаму адзеньня пашыць ня можаце — скрадзіце лякалы і шыйце.

Гэтая мараль прэзэнтуецца на ўсю краіну. Скрасьці, выжыць любой цаной. І вы так жывіце. Вось у чым палягае галоўны выбар. І людзі думаюць: калі пачнем жыць згодна з законам, дык мы ж не скрадзем у калгасе”.

(Карбалевіч: ) “Напярэдадні выбараў здавалася, што цэнтральнай тэмай кампаніі будзе антытэза “стабільнасьць — перамены”. І яна сапраўды гучыць. Але ёсьць пытаньні. Прапагандысцкая кампанія ўладаў робіць стаўку на ідэю стабільнасьці. Да яе можна ставіцца па-рознаму, але яна зразумелая простаму выбаршчыку. А вось ідэя пераменаў гучыць неяк цьмяна. Вобраз пераменаў, вобраз будучага ня вельмі акрэсьлены. Тут ужо згадвалася пра ўчорашнюю тэлеперадачу “Выбар”, дзе было пытаньне: на якую краіну будзе падобная Беларусь пасьля таго, як прыйдуць да ўлады апазыцыйныя кандыдаты. І адказу на яго не было. Зьвяртае на сябе ўвагу такая акалічнасьць: апазыцыйныя кандыдаты акцэнтуюць тэзу, што яны ня будуць моцна ламаць цяперашняга стану рэчаў у краіне, кажуць, што рэформы будуць вельмі асьцярожныя. Напрыклад, той жа Мілінкевіч гаворыць, што калгасы распускацца ня будуць і іншае”.

(Навумава: ) “Антытэза “стабільнасьць — перамены” фактычна не гучыць. Гучыць толькі слова “стабільнасьць”. І дзіўна, што найбольш часта слова “перамены” ўжывае сам кіраўнік дзяржавы. Хоць, здавалася б, апазыцыйны кандыдат павінен быў казаць пра перамены. Але яны страшна баяцца гэта казаць. І гэта якраз, здаецца, самая галоўная памылка іх”.

(Жбанкоў: ) “Узьнікае пытаньне: калі ўсё будзе, як ёсьць цяпер, то навошта новы лідэр? Гэты жах апазыцыі ад акцэнтаваньня ўвагі на пераменах фактычна аддае перавагу Лукашэнку. Гэтая стабільнасьць насамрэч ня мае будучыні”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна канстатаваць, што амаль за тыдзень да выбараў зьявілася толькі асабістая альтэрнатыва Лукашэнку. А вось наконт акрэсьленага, зразумелага вобразу будучага Беларусі, прывабнага альтэрнатыўнага агульнанацыянальнага праекту ёсьць сур’ёзныя пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG