Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай будзе хоць манархія — абы не адабралі пэнсію”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якія настроі дамінуюць у беларускім грамадзтве сёньня, калі да прэзыдэнцкіх выбараў застаўся адзін тыдзень? Ці могуць адбыцца ў Беларусі пасьля 19 сакавіка зьмены, калі Аляксандар Лукашэнка захавае ў сваіх руках уладу? Чаму тыя каштоўнасьці, якія высока цэняць суседнія народы, так марудна і неахвотна ўспрымае беларускае грамадзтва? На гэтыя ды іншыя зьвязаныя з хуткімі выбарамі пытаньні спрабуюць адказаць слухачы “Свабоды” ў сваіх лістах, якія я адабраў для сёньняшняй размовы. Пачну з фрагмэнту ліста ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Нашы мясцовыя людзі ў мяне часта пытаюць: “За каго будзеш галасаваць?”. Я адказваю няпэўна: “За таго, хто будзе ў бюлетэні”. Гаварыць зь людзьмі цяпер небясьпечна. Слова скажаш — а яны нясуць даклад начальству, абвінавацяць, што агітую. І потым ужо наступаюць на мяне. Такія вось цяжкасьці для грамадзкай працы чыняць улады, каб стрымаць наш шлях. Людзі нашы думаюць так: ёсьць у нас пэнсія, ёсьць сякая-такая праца — і добра. Больш нічога ня трэба. Няхай будзе і манархія — палітыка нас не цікавіць. Абы не адабралі пэнсію. А яшчэ я заўважыў, што тэлефон мой праслухоўваецца. Так што лішняга цяпер не гавару, палітычных пытаньняў па тэлефоне не абмяркоўваю”.

Яшчэ нядаўна здавалася, што страхі гэтыя засталіся ў мінулым. Боязь быць шчырым з аднавяскоўцамі і проста знаёмымі; боязь адкрыта гаварыць па тэлефоне; боязь падпісвацца пад лістом уласным прозьвішчам; боязь нечаканага стуку ў дзьверы… Гэтыя страхі суправаджалі жыцьцё некалькіх пакаленьняў савецкіх людзей на працягу амаль усяго ХХ стагодзьдзя. На пачатку 1990-х гадоў грамадзтва амаль пазбавілася ад іх. Аказалася — ненадоўга.

Урывак зь ліста Андрэя Красавіцкага зь Лідскага раёну:

“Здаецца, старая, зацяганая тэма — справы пра зьнікненьне Ганчара, Захаранкі, Завадзкага, Красоўскага, загадкавая сьмерць Карпенкі. Такое ўражаньне, што ў многіх з нас душа з анучы. І ўжо не хвалюе тое, што недзе засталіся сіротамі дзеці, і ўдовамі — жонкі. Што не высыхаюць ад сьлёз вочы мацярок. Няўжо людзі не задаюць сабе пытаньне: чаму забойцы ня знойдзены, а падазраваныя займаюць высокія пасады? Ва Ўкраіне таксама доўгі час ніхто ня ведаў пра лёс журналіста Гангадзэ. Але дастаткова было зьмяніцца рэжыму — і лёс забітага стаў вядомы. Хутка знайшлі і злачынцаў”.

Напэўна, у любым грамадзтве прыцягваць пільную ўвагу людзей да адной (няхай нават самай вострай) тэмы на працягу многіх гадоў праблематычна. Але ў Беларусі застаецца шмат людзей, якія пра палітычныя зьнікненьні не забылі і якія рана ці позна давядуць расьсьледаваньне гэтых сьмерцяў да канца. Але адбудзецца гэта (тут вы, Андрэй, маеце рацыю) толькі пасьля таго, як у Беларусі зьменіцца ўлада.

Наступны ліст даслаў даўні слухач і аўтар “Свабоды” Мікола Канаховіч з Пружанаў. Ён піша:

“Наша апазыцыя недастаткова выкарыстоўвае той факт, што Лукашэнка парушыў сваю канстытуцыйную прысягу ў 1995-м, 1996-м і ў 2004 гадах. Патрэбна пераканаць увесь сьвет, што ў Беларусі пасьля 1994 году не было і не магло быць ніякіх дэмакратычных выбараў — была толькі імітацыя. У Канстытуцыі, якая была прынята ў 1994 годзе, дакладна сказана: прэзыдэнтам Беларусі адна асоба ня можа быць даўжэй, чым два тэрміны. А Лукашэнка пры ўладзе ўжо дванаццаць гадоў. Таму пытаньне рубам: мы ёсьць цывілізацыяй ХХІ стагодзьдзя, ці — раньняга сярэднявечча? Тут патрэбна, нарэшце, паставіць кропку з дапамогай ААН”.

Міжнародная грамадзкасьць, спадар Канаховіч, даўно дала свае ацэнкі ўсім выбарам і рэфэрэндумам, якія адбываліся ў Беларусі на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя. Ацэнкі гэтыя добра вядомыя. Як вынік — прэзыдэнта Беларусі ўжо доўгі час не запрашаюць ні ў адну заходнюю краіну, а сама Беларусь апынулася ў самаізаляцыі ад эўрапейскіх працэсаў. Але разьлічваць на тое, што нейкая замежная краіна ці арганізацыя (нават такая ўплывовая, як ААН) здольная схіліць Беларусь да дэмакратычных рэформаў і далучыць беларускі народ да каштоўнасьцяў свабоднага сьвету — не выпадае. Зьмяніць кірунак руху сваёй краіны здольнае толькі сама беларускае грамадзтва.

Аўтар наступнага ліста — Уладзімер Гардзейка са Смалявічаў:

“Задаю сабе пытаньне: чаму чыноўнікі так ненавідзяць беларускую мову, гісторыю, культуру? Ворагаў яны вышукваюць найперш сярод тых, хто размаўляе па-беларуску. Балюча адчуваць сябе чужаземцам ва ўласнай краіне. Тут дзеляць людзей на сваіх і чужых. Так падзялілі Саюз пісьменьнікаў. Хтосьці зь іх сказаў: “Нічога ня здарылася, проста адны з ухілам на Усход, а другія — на Захад”. А я думаю: проста адны ўмеюць пісаць толькі пад дыктоўку, што загадаюць; а другія пішуць без загаду, так, як думаюць. Гаворыш па-беларуску, шануеш сваю гісторыю — цябе залічваюць у нацыяналісты. Асабіста мяне за маю беларускасьць аднаго разу адмовіліся прыняць у паліклініцы. Сярод кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта найбольш вартым лічу Аляксандра Мілінкевіча. Ён у аднолькавай ступені валодае і карыстаецца і беларускай, і расейскай мовамі. Пры ім у Беларусі будзе сапраўднае дзьвюхмоўе, а не такое, як цяпер, калі адна мова — пануе, а другая — амаль вынішчана”.

Сапраўды, спадар Гардзейка, фармальна нават паводле рашэньняў рэфэрэндуму 1995 году абедзьве мовы ў Беларусі маюць роўныя правы. А гэта значыць, і справаводзтва павінна весьціся на абедзьвюх мовах, і сродкі масавай інфармацыі абавязаны выкарыстоўваць іх у аднолькавай ступені, і чыноўнікі мусяць гаварыць на іх. У сапраўднасьці ўсё адбываецца зусім па-іншаму. Чаму? Адказ відавочны. Прыклад падае першая асоба ў дзяржаве. Пры гэтым выкананьне канстытуцыйнай нормы пра дзяржаўнасьць беларускай мовы нічым і нікім не гарантавана. Ці быў у Беларусі хоць адзін выпадак, каб чыноўніка прыцягнулі да адказнасьці за тое, што адмовіўся гаварыць з наведнікам на дзяржаўнай беларускай мове?

Ліст ад настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Ён піша:

“Як мне здаецца, большасьць нашага разьяднанага грамадзтва ўсё ж разумее, якім чынам у Беларусі дасягаюцца так званыя “элегантныя” перамогі ўлады на выбарах ды рэфэрэндумах. Усё гэта забясьпечвае ўладная вэртыкаль — тыя чыноўнікі, якіх асабіста прызначае прэзыдэнт, а яны яму апантана служаць. І пакуль што гэты мэханізм безадмоўна дзейнічае. “Вэртыкальным” чыноўнікам ды сябрам рознага кшталту выбарчых камісіяў небескарысна было б нагадваць пра адказнасьць, якую ў будучыні панясуць усе, хто вінаваты ў фальсыфікацыях вынікаў выбараў. Няўжо іх ня вучыць украінскі досьвед, дзе многія фальсыфікатары паўсталі перад судом? Калі ж наша грамадзтва яшчэ не дасьпела да зьменаў, дык я параіў бы штодня перачытваць вядомую казку Андэрсэна “Голы кароль” ды цярпліва чакаць сацыяльнага выбуху. Бо ён рана ці позна адбудзецца”.

Пра голага караля, Алесь Іванавіч, у дзяцінстве ўсе чыталі. І пра тое, што адбылося год таму ва Ўкраіне, амаль усе ведаюць. Прынамсі, беларускія чыноўнікі сачылі за ўкраінскімі падзеямі вельмі ўважліва. Але чужы досьвед, чужыя памылкі многія людзі не ўспрымаюць як павучальныя. Разьлічваюць на тое, што Беларусь — унікальная краіна, і аўтарытарны рэжым у ёй захаваецца калі ня вечна, дык хаця б на працягу ўсяго жыцьця тых, чыімі намаганьнямі ён утрымліваецца.

Многае тут тлумачыцца яшчэ і тым, што ў Беларусі ніяк не былі пакараныя вінаватыя ў злачынствах сталінскага рэжыму. І тыя, хто выносілі несправядлівыя прысуды, і тыя, хто расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, спакойна дажылі альбо дажываюць свой век, атрымліваючы пэрсанальныя пэнсіі за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. На такую ж старасьць разьлічваюць і сёньняшнія чыноўнікі, супрацоўнікі спэцслужбаў, міліцыянты. Яны ўпэўнены, што да адказнасьці за ўчыненае справа ня дойдзе. А калі і дойдзе, дык адкажа за ўсё толькі той чалавек, які аддаваў ім загады.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Івана Моўчана зь Менску. Ён піша:

“Народ наш жыве небагата, бо шмат разьвялося розных гарлапанаў і злыдняў накшталт Казуліна, Лябедзькі ды Гайдукевіча. Скончацца выбары — іх усіх трэба накіраваць “на хімію”, на будоўлі народнай гаспадаркі. А выбары трэба ўвогуле адмяніць. Народ прагаласаваў за Лукашэнку — няхай ён і застаецца да канца”.

А вам не здаецца, спадар Моўчан, што недзе гэта ўжо было? Спачатку “варанкі” забіралі тых, хто адважваўся гаварыць правадыру праўду; потым — тых, хто неасьцярожна выказваў нязгоду ў вузкім коле сяброў і знаёмых (але сьцены тады ўжо мелі вушы); потым настала чарга тых, хто не гаварыў, але мог сказаць... А ўрэшце, спадар Моўчан, варанкі пачалі прыяжджаць начамі па самых адданых — па тых, хто, як вы цяпер, лічылі правадыра бязгрэшным і заклікалі зьнішчаць усіх ягоных ворагаў. Яны дакладна паўтарылі лёс тых ахвяраў, на каго пісалі даносы і каго называлі “ворагамі народу”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG