Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскія дэпутаты патрабуюць вызваліць Вінцука Вячорку


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскія парлямэнтары сёньня перадалі амбасадару Рэспублікі Беларусь у Літве Ўладзімеру Дражыну ліст з рэзкімі пратэстамі супраць арыштаў у Беларусі ў часе выбарчай кампаніі. Сёньня ж перад будынкам беларускай амбасады адбыліся дзьве акцыі пратэсту – адну зладзіла літоўская моладзь, другую – беларускія студэнты Вільні.

Сябры парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, дэпутаты ад партыі літоўскіх кансэрватараў “Саюз Айчыны” перадалі ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Літве зварот лідэра кансэрватараў Андруса Кубілюса з пратэстам супраць арышту Вінцука Вячоркі і іншых беларускіх грамадзянаў.

Трое парлямэнтароў – Эмануэліс Зінгерыс, Раса Юкнявічэне і Аўдроніс Ажубаліс сустрэліся з прадстаўніком амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве, іх вусныя заявы і пісьмовы пратэст былі прынятыя без камэнтароў.

Спадар Зінгерыс, які кіруе ў літоўскім парлямэнце справамі палітыкі суседзтва, адзначае, што цяперашняя рэакцыя Літвы на рэпрэсіі ў Беларусі зьяўляецца адзнакай прыналежнасьці Літвы да заходнеэўрапейскіх каштоўнасьцяў.

(Зінгерыс: ) “Мы перадалі ліст і таксама выказалі сваё меркаваньне адносна рэпрэсіяў у Беларусі, якія павінны быць неадкладна спыненыя. Мы выказалі абурэньне з нагоды відавочнага парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, адкрытаму зьдзеку з дэмакратычных каштоўнасьцяў з боку беларускіх уладаў”.

У лісьце гаворыцца: “Арышты Вінцука Вячоркі і іншых лідэраў апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў цалкам пераўтварылі іх у пародыю на дэмакратыю і выбары. Арышт Вінцука Вячоркі паказвае наколькі вялікім зьяўляецца страх кіруючага рэжыму перад тым, што апазыцыя можа вывесьці на вуліцы пасьля выбараў тых людзей Беларусі, для якіх свабода і дэмакратыя важнейшыя за страх перад рэпрэсіямі”.

Раса Юкнявічэне кажа, што цяперашняя сытуацыя ў Беларусі нагадвае тыя часы, калі Літва змагалася за сваю ўласную свабоду і незалежнасьць, і літоўцы памятаюць бел-чырвона-белы сьцяг па тых часах, калі беларусы падтрымлівалі змаганьне літоўцаў.

(Юкнявічэне: ) “Мы перадалі гэты ліст, каб падтрымаць людзей, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасьць у Беларусі. Мы памятаем, наколькі было важным кожнае слова ў падтрымку з-за мяжы нам, калі мы змагаліся за нашую незалежнасьць і волю. Нас вельмі непакоіць арышт аднага зь лідэраў апазыцыі Вінцука Вячоркі. Мы перадаём амбасадзе Беларусі ў Літве наш пратэст і патрабаваньне як найхутчэй выпусьціць яго і ўсіх іншых арыштаваных на волю. Важна не пакінуць гэтых людзей у Беларусі адных, каб яны адчувалі падтрымку”.

У той час, калі літоўскія парлямэнтары перадавалі прадстаўнікі амбасады Беларусі ліст, сябры Лігі маладых кансэрватараў Літвы зладзілі акцыю пратэсту перад будынкам амбасады.

Літоўская моладзь трымала бел-чырвона-белыя і літоўскія сьцягі, пры гэтым ў іх былі заклееныя вусны, што сымбалічна паказвала як беларускія ўлады абыходзяцца са сваімі грамадзянамі.

На сёньня заплянаваная яшчэ адна акцыя пратэсту перад будынкам беларускай амбасады, якую ладзяць беларускія студэнты Вільні. Падрабязнасьці слухайце ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.

Гл. таксама • Вінцук Вячорка і іншыя актывісты штабу Мілінкевіча асуджаныя на 15 сутак арышту (фота)
XS
SM
MD
LG