Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры моладзевыя актывісты пакараныя арыштамі і штрафамі


Радыё Свабода Сёньня ў суд Ленінскага раёну Менску даставілі трох апазыцыйных актывістаў, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і выкрыкваньні антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў. Алеся Гойшыка, Ільлю Петраўца і Ўладзімера Валодзіна затрымалі ў нядзелю пасьля сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам каля кінатэатру “Салют”.

Спадар Гойшык пакараны арыштам на 15 сутак, Петравец — на 8 сутак, а Валодзіна аштрафалі на 930 тысяч рублёў.

Міліцыянты ў цывільным з палка спэцыяльнага прызначэньня затрымалі Алеся Гойшыка, Ільлю Петраўца і Ўладзімера Валодзіна адразу пасьля сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам. У сваіх пратаколах яны напісалі, што ўсе гэтыя маладыя людзі ўдзельнічалі ў недазволеным мітынгу, выкрыквалі антыпрэзыдэнцкія лёзунгі й не рэагавалі на папярэджаньні міліцыі. Мінулую ноч маладыя апазыцыянэры правялі ў менскім спэцпрыёмніку па вуліцы Акрэсьціна.

Сёньня ў судзе Гойшык, Петравец і Валодзін спрабавалі давесьці, што ўдзельнічалі толькі ў сустрэчы з кандыдатам Мілінкевічам, ніякіх лёзунгаў не выкрыквалі, а пра тое, што сустрэча не была дазволена, ня ведалі. Але міліцыянты Кудравец, Несялевіч, Вінаградаў, Лукша, Дрозд і Шыдлоўскі настойвалі на сваім.

Як вынік, судзьдзя Віктар Ганчар пакараў Алеся Гойшыка 15-сутачным арыштам, нягледзячы на тое, што хлопец прасіў даць яму штраф, бо ён мусіць даглядаць хворую маці. Судзьдзя Юлія Шумская асудзіла на 8 сутак арышту Ільлю Петраўца, а яе калега Тацяна Жулкоўская прысудзіла штраф 930 тысяч рублёў Уладзімеру Валодзіну. Алесь Гойшык пасьля вынясеньня рашэньня сказаў:

(Гойшык: ) “Усё гэта незаконна. Мы прывялі ім сьведак, усё было растлумачана, а яны ніяк не адрэагавалі”.

А вось меркаваньне Ільлі Петраўца:

(Петравец: ) “Я ня ведаю, што гэта такое. Мне здаецца, усё было зроблена беспадстаўна, каб мяне ізаляваць. Таму што я нічога такога не зрабіў, за што б мяне можна было кінуць на суткі”.

А пакараны вялікім штрафам Уладзімер Валодзін заявіў:

(Валодзін: ) “Я думаў, што рэальна будуць садзіць на столькі, каб я ня выйшаў 19-га. Даволі мяккае рашэньне, але я, напэўна, буду пісаць заяву ў пракуратуру. Але вялікіх спадзяваньняў няма. Гэта так — каб ачысьціць сваё сумленьне”.

Іншыя пакараныя таксама зьбіраюцца абскарджваць судовае рашэньне.
XS
SM
MD
LG