Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канцэрт "Салідарныя зь Беларусяй" прыйшлі 5 тысяч (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 12 сакавіка ў цэнтры Варшавы адбыўся грандыёзны канцэрт “Салідарныя зь Беларусяй”, у часе якога выступілі вядомыя польскія музыкі, акторы, а таксама музыкі зь Беларусі, чыя творчасьць на радзіме цяпер забароненая. На канцэрт, у часе якога зьбіраліся сродкі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, прыйшлі каля пяці тысячаў жыхароў польскай сталіцы.

Такой колькасьці бел-чырвона-белых сьцягоў – у руках, на слупах, у вокнах і на экранах тэлебімаў – у Польшчы у адным месцы не было, бадай, ніколі. Ніколі не было і такой вялікай акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю.

(Тарасэвіч: ) “Такі канцэрт прынамсі паведамляе палякам, што такое Беларусь і якія цяпер там праблемы”, – кажа вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч.

Падаецца, аднак, што прысутныя на канцэрце палякі добра ведалі, навошта туды прыйшлі і што робіцца цяпер у Беларусі. Былы сьпікер Сэйму Марэк Бароўскі:

(Бароўскі: ) “Чаму я сюды прыйшоў? Гэта відавочна – Беларусь асабліва блізкая нам краіна. Ды вось вазьміце хаця б сьцягі нашыя... Мы ня хочам, як кажа Лукашэнка, фінансаваць нейкую рэвалюцыю, а толькі выступаем за тое, каб беларусам далі магчымасьць свабоднага выбару”.

Кіроўца варшаўскага аўтобуса:

(Кіроўца: ) “Я магу выйсьці з хаты і пайсьці на такі канцэрт – гэта залежыць толькі ад майго жаданьня, а ў Беларусі гэта немагчыма. Гэта няправільна, і я сваёй прысутнасьцю тут хачу паказаць сваю нязгоду”.

Зь вялікай сцэны ў цэнтры плошчы, якая была змантаваная адмыслова для канцэрту салідарнасьці, да прысутных зьвярталіся знаныя акторы, музыкі, таксама выбітны рэжысэр Анджэй Вайда, які сказаў, што шчасьлівы што дажыў да часоў, калі палякі вольныя і клапоцяцца пра вольнасьць іншых.

Сярод іншых, на канцэрце разам зь беларускімі музыкамі заграў Гжэгаж Маркоўскі – зорка польскай рок-музыкі:

(Маркоўскі: ) “Я вельмі-вельмі хацеў выступіць тут. Можна мець галаўны боль пасьля ўчорашняга застольля, можна быць галодным і ня выспацца, але трэба быць вольным”.

Беларускія музыкі – выконвалі па-беларуску польскія песьні 80-х гадоў, якія былі важныя для палякаў у часе барацьбы супраць камуністычнага рэжыму. Зьміцер Вайцюшкевіч.

(Вайцюшкевіч: ) “Падтрымка палякаў патрэбная – у тым ці іншым выглядзе. Праўда такая, што ў Менску цяпер такі канцэрт зрабіць немагчыма”.

У часе канцэрту, частку якога трансьлявала польскае грамадзкае тэлебачаньне, дэманстравалі таксама дакумэнтальныя фільмы зь Беларусі. Калі ў адным зь іх былі паказаныя кадры з разгону дэманстрацыяў, зьбіцьця безабаронных людзей, на вачах у некаторых прысутных зьявіліся сьлёзы.

Фотарэпартаж







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG