Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Гаражэнка пра менскі АМАП: “Я ніколі такога хамства ня бачыла”


Радыё Свабода Затрыманая ўчора на некалькі гадзін журналістка ўкраінскага “5 каналу” Ганна Гаражэнка расказала “Свабодзе” падрабязнасьці падзеяў. Яе гвалтам затрымала менская міліцыя пасьля заканчэньня сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з 3 тысячамі жыхароў Менску каля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага. Ганну Гаражэнку вызвалілі пасьля ўмяшаньня ўкраінскага консула. Ня менш як шэсьць украінскіх грамадзянаў і пяць грамадзянаў Беларусі, затрыманых учора, застаюцца пад вартай.

Усе ўдзельнікі ўчорашняй перадвыбарчай сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча каля Лядовага палацу заўважылі вялікія ўкраінскія сьцягі. Іх узьняла група моладзі з украінскай арганізацыі “Студентське братство”. Пасьля завяршэньня акцыі, як перакананая ўкраінская журналістка Ганна Гаражэнка з “5 каналу”, супрацоўнікі менскага АМАПу пачалі мэтанакіравана арыштоўваць украінцаў. Саму спадарыню Гаражэнку затрымалі падчас наўпроставага эфіру – нягледзячы на тое, што яна мела акрэдытацыю МЗС Беларусі. Пазьней гэтая акалічнасьць дапамагла ўкраінскаму консулу вызваліць яе з Фрунзэнскага РУУС і адвезьці ў амбасаду. У часе затрыманьня была пашкоджаная камэра “5 каналу” і мікрафон, паведаміла Ганна Гаражэнка.

(Гаражэнка: ) “Дзеяньні АМАПу – гэта было нешта зь нечым. Я ніколі такіх словаў на адрас чалавека ня чула, ніколі такога хамства ня бачыла. Гэта мяне шакавала”.

Ганна Гаражэнка хоча застацца ў Беларусі да канца выбарчай кампаніі, але канчатковае рашэньне залежыць ад яе кіраўніцтва. Украінскія дыпляматы ўначы працягвалі працу для высьвятленьня лёсу іншых грамадзянаў Украіны, затрыманых пасьля заканчэньня сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі каля Лядовага палацу ў Менску. Паводле спадарыні Гаражэнкі, у вязьніцы застаюцца прынамсі шэсьць украінцаў. Лёс адной з іх, Наталкі з гораду Роўна, яе асабліва турбуе. Мне ўдалося пагутарыць з Наталкай і яе калегам Міколам за некалькі хвілін да іх затрыманьня:

(Наталка: ) “Мы ехалі сюды зь мірнымі мэтамі, прыехалі падтрымаць беларускі народ. Бачым, што тут людзі запужаныя. Яны баяцца, але яны хочуць перамен”.

Сябар Наталкі Мікола, які таксама прыехаў з Роўна, браў удзел у аранжавай рэвалюцыі 2004 году. Ён кажа, што ва Ўкраіне цяпер стала нашмат больш свабоды:

(Мікола: ) “Я думаю, што ў будучыні Беларусь стане таксама вольнай дзяржавай і мы будзем мець нармальныя раўнапраўныя стасункі, як цывілізаваныя краіны маюць паміж сабою”.

Лік затрыманых беларускіх актывістаў кіраўніца менскага гарадзкога штабу Мілінкевіча Валянціна Палевікова ацаніла ня менш як на пяць чалавек. Яна змагла назваць й некалькі прозьвішчаў затрыманых: Алег Ларычаў, Валянцін Сакалоўскі, Аляксандар Ціхановіч.

У Фрунзэнскім РУУС Менску паведамілі, што затрыманых украінцаў і беларусаў адвезьлі ў спэцпрымальнік па вуліцы Акрэсьціна. Сёньня іх чакае суд.
XS
SM
MD
LG