Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы беларускай прадукцыі: меркаваньні кандыдатаў на прэзыдэнта


Юлія Шарова, Менск Як падвысіць канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі? Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта кажуць пра новыя тэхналёгіі, пра неабходнасьць замежных інвэстыцыяў і зьняцьця кантролю дзяржавы за эканомікай.

Канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў на вонкавых дый нават на ўнутраным рынку імкліва зьніжаецца, канстатуе кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч. У далейшым сытуацыя будзе толькі пагаршацца, калі нічога не рабіць, кажа ён.

(Гайдукевіч: ) “Вы цудоўна разумееце, што энэрганосьбіты будуць даражэць і для Беларусі, вы цудоўна разумееце, што Расея ўсё адно далучыцца да УГА – усё гэта абцяжарвае ў той ці іншай ступені, усё гэта, безумоўна, вельмі істотна паўплывае”.

Кандыдат гаворыць пра занадта высокі сабекошт айчыннай прадукцыі, безь зьніжэньня якога беларускія тавары ня стануць канкурэнтаздольнымі.

Чалец перадвыбарчага штабу кандыдата Аляксандра Казуліна Іван Анташкевіч кажа, што без замежных інвэстыцыяў і новых тэхналёгіяў дамагчыся зьніжэньня сабекошту прадукцыі немагчыма.

(Анташкевіч: ) “Патрэбнае тэхналягічнае пераабсталяваньне нашых прадпрыемстваў, і тут ёсьць два моманты: першае – гэта інвэстыцыі, а з другога боку – каапэрацыя з замежнымі кампаніямі ў сфэры тэхналёгіяў. Ня толькі грошы, але й пажадана нам скаапэравацца з замежнымі прадпрыемствамі”.

Урад Аляксандра Лукашэнкі даўно распрацаваў нацыянальную праграму падвышэньня канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі. Эканаміст Міхал Залескі, які ўдзельнічаў у распрацоўцы гэтага дакумэнту, кажа, што напісана праграма даволі добра, акцэнт там зроблены на ўкараненьні новых тэхналёгіяў, якія павінны вынайсьці беларускія навукоўцы. Аднак выканаць праграму ў цяперашніх умовах даволі складана.

(Залескі: ) “Мы пакуль што канкурэнтаздольнасьць сваю падвышаем на тых рынках, дзе з намі ніхто не змагаецца, на рынках, якія аказаліся з пэўных прычынаў нам даступнымі. Мы ня лезем на тыя рынкі, дзе нам трэба шчыльна сысьціся, напрыклад, з тым самым “Філіпсам”.

Навукаёмістаць беларускага ВУП упала да крытычнай адзнакі, заяўляе экспэрт, таму й казаць пра хуткі тэхналягічны ўздым, які будзе мець вынікам паляпшэньне канкурэнтаздольнасьці айчыннай прадукцыі, пакуль што не выпадае.

Аўтар эканамічнай праграмы кандыдата Аляксандра Мілінкевіча эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць адной з асноўных прычынаў гэтай праблемы ўмяшаньне дзяржавы ўва ўсе сфэры бізнэсу й вытворчасьці.

(Раманчук: ) “Дзяржава не павінна вырашаць за ўласьнікаў, як ім кіраваць бізнэсам. Яна не павінна ўлазіць у працэс фармаваньня цэнаў, яна не павінна блякаваць інстытут прыватнай уласнасьці. Гэта ўсё павінны рабіць уласьнікі й акцыянэры, і гэта ёсьць падставай канкурэнтаздольнасьці на мікраўзроўні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG