Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці Вы за пашырэньне сьпісу “невыязных” чыноўнікаў?


Радыё Свабода Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту прапануюць пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю 25 краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Цяпер такая забарона ахоплівае шэсьць чалавек: старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну, а таксама былых і цяперашніх кіраўнікоў сілавых структур Юр’я Падабеда, Віктара Шэймана, Уладзімера Навумава, Юр’я Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнку. У тым разе, калі прэзыдэнцкія выбары будуць прызнаныя недэмакратычнымі, несвабоднымі, гэты сьпіс можа быць пашыраны, у прыватнасьці, імёнамі супрацоўнікаў Міністэрства унутраных справаў, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, дзяржаўных мэдыяў. Як ставяцца людзі на менскіх вуліцах да такой ідэі?

(Юнак: ) “Чыноўнік – гэта прадстаўнік нашай дзяржавы, і калі яму забараняюць некуды ехаць, то гэта знак для ўсёй дзяржавы”.

(Спадар: ) “Ідэі нявыезду я ўвогуле не падтрымліваю, я ўвогуле б усе межы зьняў – няхай людзі едуць куды хочуць. Ну а чыноўнікаў, якія тэрарызуюць людзей, народ, трэба сабраць ды ізаляваць. Сядзяць жа злачынцы за кратамі – няхай і яны сядзяць. Няхай народ не дапускае над сабой гвалту”.

(Спадарыня: ) “Санкцыі патрэбныя, але можа не такія жорсткія, што выяжджаць, не выяжджаць. Я лічу, што гэта абмежаваньне правоў чалавека”.

(Юнак: ) “Ды яны ўсё роўна выедуць, куды ім трэба – забароняць ім ці не”.

(Спадар: ) “Я лічу гэта правільна, лічу, што заходнія краіны робяць абсалютна правільна. Бо ўсе краіны вакол Беларусі маюць дэмакратыю, а ў нас усё заблытана і незразумела. Я ведаю, што прагрэсіўна настроеныя студэнты ня могуць тут вучыцца і едуць за мяжу, а ў нас іх заціскаюць. Вось гэта мне незразумела”.

(Спадар: ) “Я думаю, што нікому нельга забараняць уезд у іншыя краіны. Я не сказаў бы, што мне цяпер вельмі дрэнна. У мяне ёсьць магчымасьць працаваць, зарабляць грошы. А тое, што яны ў сваёй палітыцы ня могуць разабрацца, – гэта іх праблемы”.

Гаварылі менскія мінакі. Іхныя выказваньні камэнтуе палітоляг Віталь Сіліцкі:

(Сіліцкі: ) “Калі існуе інфармацыйная блякада грамадзтва, калі адсутнічаюць публічныя дэбаты, то й ня трэба чакаць, што чалавек будзе мець вызначаную думку па кожнай праблеме. Адны падтрымліваюць, іншыя кажуць, што ня трэба забараняць уезду-выезду... Ведаеце, я лічу, што візавыя санкцыі – гэта прыгожы дэманстрацыйны крок. Я ня ведаю, такім людзям, як спадар Шэйман, спадар Паўлічэнка, спадарыня Ярмошына, ці трэба ім некуды сапраўды выяжджаць. Перавагі, якія яны маюць тут, у краіне, настолькі перавышаюць, што гэта па іх ня б’е. Мне падаецца, што нашмат больш актуальным зьяўляецца пытаньне свабодных падарожжаў простых беларусаў. Але згадайце, праз што простаму беларусу трэба прайсьці, каб атрымаць візу ў нейкую эўрапейскую краіну ў амбасадзе. Каб гэтае пытаньне было вырашанае, то ўся дзяржаўная прапаганда пайшла б кату пад хвост. Проста ў Эўразьвязу сапраўды ёсьць сродак уплыву на зьмену грамадзкіх настрояў у Беларусі, але ён ня хоча ім карыстацца са сваіх прычынаў, за што яму й вялікі дзякуй ад нашага ўраду і рэжыму”.
XS
SM
MD
LG