Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусы и рынок”: “Ты яшчэ на волі?”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўных СМІ за 13 сакавіка.

Тыднёвік “Белорусы и рынок” пад рубрыкай “Правы чалавека” зьмяшчае матэрыял “Ты яшчэ на волі?”. На 15 сутак асуджаныя паўтара дзясятка актывістаў штабу Мілінкевіча, а ўсяго 250 чальцоў ягонай каманды ў рознай ступені зазналі рэпрэсіяў... На думку даверанай асобы Мілінкевіча Валянціны Сьвяцкай, “ідзе інтэрнаваньне апазыцыі перад 19 сакавіка”. Яна дапускае, што на волі да дня выбараў не застанецца нікога з давераных асобаў кандыдата.

Маладэчанская “Рэгіянальная газета” ўздымае тэму сацыяльнага сіроцтва. Цяпер у сацыяльна-пэдагагічным цэнтры 15 дзяцей чакаюць новую сям’ю. Расказвае рэдактар “Рэгіянальнай газэты” Аляксандар Манцэвіч:

(Манцэвіч: ) “Што такое сацыяльна небясьпечная сям’я? Гэта тая, дзе бацькі п’юць, не даглядаюць дзяцей, ствараюць сытуацыю, небясьпечную для дзяцей. Сам цэнтар уключае, акрамя прытулку, аддзяленьне дыягностыкі, рэабілітацыі, інфармацыйна-мэтадычнай і прававой кансультацыі. За амаль 11 гадоў існаваньня праз сацыяльных пэдагогаў цэнтру прайшло каля 400 дзяцей”.

Тэма нумару “Белгазеты” – крымінал. Тыднёвік дасьледуе, ці ёсьць у Беларусі так званыя “зладзеі ў законе”, крымінальныя аўтарытэты. Пад рубрыкай “Візаві” “Белгазета” публікуе інтэрвію двух кандыдатаў. Вось дзьве найбольш яскравыя цытаты. Аляксандар Мілінкевіч: “Мы ўжо перамаглі. Перамаглі ў галовах тых людзей, якія ўмеюць думаць. Беларусь з выбараў выйдзе іншай, што б ні адбылося 19-га”. Сяргей Гайдукевіч: “Іду сваім шляхам да вызначанай мэты – стаць прэзыдэнтам Беларусі ў 2011 годзе”.

“Витебский курьер” піша, што з пачаткам вясны ў Аршанскім раёне пачасьціліся выпадкі крадзяжу транспарту, прычым ня толькі МАЗаў. Крадуць коней. Скралі каня з фэрмы ў вёсцы Задроўе, двух коней з фэрмы ў вёсцы Глінішча, каня з фэрмы Ніжняя Веравойша. Сярэдні кошт аднаго каня – 800 тысяч рублёў. “Каўбояў” шукае міліцыя. Цікава, што ўсе фэрмы ахоўваліся вартаўнікамі, зазначае “Витебский курьер”.
XS
SM
MD
LG