Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары і беларускае замежжа – перадача трэцяя


Ганна Сурмач, Прага “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і беларуская дыяспара” – такою будзе тэма чарговага, трэцяга на гэтую тэму выпуску перадачы “Беларускае замежжа”. У ім возьмуць удзел старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі сп-ня Івонка Сурвілла (Канада), Ясафат Кунцэвіч (Польшча), Яўген Груша (Аўстралія).

(Сурмач: ) "Рада БНР, якая прадстаўляе палітычную частку беларускай эміграцыі, з найбольшай зацікаўленасьцю назірае сёньня за перадвыбарчай сытуацыяй на Бацькаўшчыне.

Старшыня Рады сп-ня Івонка Сурвілла ўжо доўгія гады жыве ў Канадзе і шмат разоў была сьведкаю таго, як праходзяць выбары ў гэтай краіне".

(Сурвілла: ) “Месяц таму адбыліся выбары ў Канадзе, гэта былі парлямэнцкія выбары, пасьля якіх лідэр партыі, выйграўшай выбары, становіцца прэм''ер-міністрам.

Магчыма, таму, што ўспамін пра іх яшчэ такі сьвежы, міжволі кожны дзень параўноўваю, што адбываецца ў гэтым выбарчым пэрыядзе ў Беларусі з тым, што бачыла тут у Канадзе.

У Канадзе ўсе кандыдаты мелі абсалютна роўныя шанцы, аднолькавы час на сродкі масавай інфармацыі і свабоду выказваць свае думкі, агітаваць, публічна даказваць сваю перавагу, выдаткі ўсіх мусілі адпавядаць правілам.

З трывогаю чытаю цяпер, як удзел ў ініцыятыўнай групе дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі ёсьць прычынаю для ўладаў, каб арыштоўваць людзей і трымаць іх у турмах бяз доступу да адвакатаў. Як робяцца ператрусы прыватных кватэраў, як улады шукаюць прычынаў, каб закрыць апошнія незалежныя газэты, і як цяжка робіцца іх распаўсюджваць. Як кандыдат Лукашэнка дазваляе сабе склікаць народныя сходы ў гэты перадвыбарчы пэрыяд тады, калі ў сяброў апазыцыі канфіскуюцца выбарчыя ўлёткі і зусім легітымна выдадзеныя брашуры.

У выбарчы пэрыяд Канада была застаўлена партрэтамі ўсіх кандыдатаў. Людзі, якія падтрымоўвалі аднаго зь іх, выстаўлялі ягонае прозьвішча перад сваёй хатаю. А зарэгістраваны кандыдат апазыцыі ў Беларусі сп. Мілінкевіч мусіў вешаць дарожныя плякаты на другім баку мяжы, у Расеі. У Беларусі, відаць, ёсьць месца выключна для кандыдата Лукашэнкі. Дзе ж тут роўнасьць між зарэгістраванымі кандыдатамі? Дзе роўныя шансы даць людзям да ведама, як кандыдаты ўяўляюць сабе будучыню краіны, як яны зьбіраюцца яе палепшыць?

Цяжка таксама ўявіць, што кандыдат Лукашэнка не ўважае патрэбным перагледзець сваю праграму, каб дапасаваць яе да новых патрэбаў насельніцтва Беларусі. Тут прыклад чыста дыктатарскага нораву, які суправаджаецца чыста дыктатарскай непавагаю да электарату.

З трывогаю прыпамінаецца фальсыфікацыя папярэдніх выбараў, але не хачу верыць, што наш народ гэта ізноў дазволіць. Страх насельніцтва апраўданы, але калі выйдуць на вуліцу ўсе, хто галасаваў за вольную, за лепшую Беларусь, спадзяюся, што сілавыя структуры стануць на бок свайго народу.

Дадам, што незалежна ад вынікаў гэтых выбараў, усім нам трэба будзе працягваць змагацца за незалежнасьць і беларускасьць нашай дзяржавы, бо толькі такою яна выжыве”.

(Сурмач: ) "Сп-ня Івонка, ці абмяркоўвала Рада пытаньне адносінаў да выбараў, якая абрана тактыка?"

(Сурвілла: ) “На апошняй сэсіі Рады ў лістападзе тэма выбараў у Беларусі была адным з пунктаў на парадку дня. Безумоўна, усе мы вельмі зацікаўленыя тым, што робіцца ў Беларусі. Але, з другога боку, мы стараемся быць аб''ектыўнымі, і таму Рада вырашыла на сэсіі не падтрымоўваць аднаго асобнага кандыдата, тады яшчэ не было вядома колькі іх будзе, а падтрымоўваць усіх тых, хто будзе стаяць на прынцыпах Рады – за ідэю незалежнасьці, дэмакратыі і свабоды нашага народу.

Мы пазнаёміліся з заявамі кандыдатаў, уважаю, што яны надзвычай цікавыя і слушныя, асабліва ўзважанай падаецца мне заява адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Толькі вось баімся, што заявы кандыдатаў слухаюць мала людзей, яны такія кароткія і такія рэдкія, ня ўсе іх могуць пачуць. Слухаюць, пэўна, пераважна тыя людзі, якія хочуць ведаць праўду. А тыя, хто наперад кажа, што не цікавіцца палітыкаю, а ў нас, выглядае, гэта даволі распаўсюджана, слухаць іх магчыма і ня будуць. Невядома, у якой меры яны будуць эфэктыўныя".

(Сурмач: ) "Як Вы лічыце, у тых умовах, што існуюць сёньня ў Беларусі, ці можна спадзявацца на зьмены да лепшага ў выніку гэтых выбараў?"

(Сурвілла: ) “Будзе цалкам залежаць ад нашага народу. Такіх брутальных выбараў, фактычна, Беларусь яшчэ ня бачыла, думаю, ад савецкіх часоў. Гэта, сапраўды, я думаю, абурыць наш народ. Ня думаю, што наш народ будзе ўважаць, што Лукашэнка – гэта адзіны выбар.

Калі беларускі народ сапраўды будзе мужным і будзе рабіць тое, што ўважае патрэбным, бяз страху, я думаю, што зьмены зусім магчымыя. Я магу толькі сказаць, што веру ў наш народ, у ягоную разважнасьць, у ягоны розум, у ягоную сумленнасьць. Спадзяюся, што зьмены будуць”.

* * *

(Сурмач: ) "Пад час нядаўняй онлайн-канфэрэнцыі на нашым Радыё са сп. Зянонам Пазьняком асаблівую актыўнасьць з боку замежных слухачоў выявіў Ясафат Кунцэвіч з Польшчы. Ён грамадзянін Беларусі і вучыцца зараз у каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Кальварыі Зэбжыдоўскай ля Кракава. Для сп. Ясафата праблематычнае пытаньне, як прагаласаваць, бо паблізу няма выбарчага ўчастка".

(Кунцэвіч: ) “Шкада, што ў Кракаве няма нічога, мне найбліжэй Варшава, але туды таксама кавалак дарогі – 320 км”.

(Сурмач: ) "Па ягоных словах, сп. Кунцэвіч вельмі ўважліва сочыць за выбарнай кампаніяй і мае сваё меркаваньне адносна яе правядзеньня".

(Кунцэвіч: ) “Для мяне прапанова аб народным галасаваньні, якую выказаў сп. Зянон, падаецца справаю прымітыўнаю. Але, таксама бачу, як афіцыйна кінуць бюлетэнь, які пазьней можа быць сфальсыфікаваны, так што ня ведаю, што з гэтага выбраць”.

(Сурмач: ) "Сп. Ясафат, Вы чалавек, які рыхтуецца атрымаць сьвятарскі сан. Вядома, што палітычныя пытаньні – гэта не асноўная зацікаўленасьць тых, хто абраў шлях служэньня царкве. Як сталася, што Вы так актыўна ўспрымаеце палітыку?"

(Кунцэвіч: ) “Я прызнаюся, што да 1999 году я палітыкаю не цікавіўся, жыў спакойна, вучыўся, і палітыка мяне не займала. Лічыў, што як ёсьць так ёсьць, што ўладу нам дае Бог. Але пасьля таго, як Лукашэнка прыпісаў сабе два гады прэзыдэнцтва, я не прызнаю яго прэзыдэнтам. У дадзены момант я прызнаю сп-ню Івонку Сурвіллу, яна мае мандат з БНР, і яна для мяне больш легітымная, чым Лукашэнка. А потым, калі былі зробленыя ізноў фальсыфікацыі, то я лічу, што ён ня мае права нават балятавацца. Я цешыўся б больш, каб ў нас прайшоў Мілінкевіч”.

(Сурмач: ) "Вы былі сьведкам таго, як адбываліся нядаўнія прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы. На Вашую думку, яны былі сапраўды дэмакратычнымі?"

(Кунцэвіч: ) “Так, відавочна, што дэмакратычныя. Я бачыў, што тут людзі хацелі Качыньскага, нават крыжам ляжалі ў касьцёлах. Я, хаця сам ня мог галасаваць, але таксама падтрымліваў Качыньскага, маліўся за яго”.

(Сурмач: ) "У вас вельмі адметнае для Беларусі імя і прозьвішча, якое насіў сьвяты Ясафат Кунцэвіч – уніяцкі сьвятар, архіепіскап Полацкі, забіты расейцамі ў 1623 годзе. Гэта сапраўднае Ваша імя?"

(Кунцэвіч: ) “Гэта маё манаскае імя, а Кунцэвіч – гэта маё шляхецкае прозьвішча, некалі Кунцаўшчына належала нашаму роду, але камуністы забралі”.

(Сурмач: ) “Вы належыце да Ордэну бэрнардынцаў – чаму менавіта такім быў Ваш выбар?”

(Кунцэвіч: )”Я сам захацеў, хацеў нешта зрабіць для адраджэньня Беларусі. Нашыя манахі працуюць у Будславе, я туды проста езьдзіў на фэст і бачыў, што там працуюць місіянэры з Украіны, і нашага беларуса няма. Мне захацелася, каб і беларусы былі. Я цяпер пакуль што адзіны беларус.

Я сем гадоў у Ордэне, а ў Польшчы 5 гадоў, бо два гады я быў перад тым ва Ўкраіне. Гэта ёсьць два гады падрыхтоўкі перад уступленьнем у Ордэн, гэта было паслушніцтва ва Ўкраіне, а зараз навучаньне ў Польшчы”.

(Сурмач: ) "Тое месца, дзе Вы вучыцеся, вельмі знакамітае у Польшчы…"

(Кунцэвіч: ) “Гэта ў Польшчы вельмі важнае месца, хаця мястэчка гэта невялікае, недзе 5 тыс. жыхароў. Тут ёсьць санктуарый, тут ёсьць цудоўны абраз Божай Маці Кальварыйскай, які лічыцца трэцім ў Польшчы. Гэта 30 км. ад Кракава. Тут ёсьць базыліка і капліцы, усяго 41 капліца. Гэта польскі Іерусалім, падобны да Сьвятой зямлі.

Сам фундатар, ягоны слуга быў у Сьвятой зямлі і сказаў яму, што тут краявід падобны, як у Сьвятой зямлі. І ён пачаў нешта падобнае тут будаваць, і ўзгоркам і рацэ даў назвы са Сьвятой зямлі, раку назваў Кедронам, гару – Жар Укрыжаваньня. Пабудаваў некалькі капліцаў, а потым ягоны сын, унук, далей манахі і так за увесь час была пастаўлена 41 капліца. Усё разам гэта займае недзе 100 га.

Мы тут маем такі абавязак прымаць гасьцей і праводзім іх па гэтых мясьцінах. Тут двойчы быў Папа Ян Павал 11, як папа, але ўпершыню прыяжджаў сюды яшчэ ў дзяцінстве. Калі памерла ягоная маці, то ён тут даверыў Маці Марыі свой лёс”.

(Сурмач: ) “Вы даволі добра размаўляеце па-беларуску, гэта яшчэ з дому?”

(Кунцэвіч: ) “Раней мне было ўсё роўна, але калі я паехаў ва Ўкраіну, пабачыў там іхны патрыятызм. Калі я прыехаў ва Ўкраіну, я размаўляў па-расейску і па-ўкраінску. Я сапраўды мала чаго ведаў. Пазьней пачаў цікавіцца, што мы, беларусы, сапраўды маем. Пачаў слухаць Свабоду, знаёміцца з нашай гісторыяй. Сапраўды, мы вельмі шмат чаго маем.

Мая бабуля жыве ў Смаргонскім раёне, яна даволі добра размаўляе, таксама мой дзядуля размаўляў, і я ў вёсцы размаўляў па-беларуску, а ў Менску па-расейску. Хадзіў у касьцёл і слухаў казаньні па-беларуску, і гэта мне падабалася. Але я гэтага тады яшчэ не цаніў. А вось калі выехаў у замежжа, пачаў шанаваць.

Некаторыя ксяндзы-палякі яшчэ ў Беларусі абураліся, чаму я да іх кажу не па-польску. Я кажу, я беларус, і гэта мая родная мова. У Польшчы я магу гаварыць па-польску, ва Украіне па-ўкраінску, У Расеі яшчэ ня быў, але мог бы па-расейску, але ў сябе ў дзяржаве толькі па-беларуску, незалежна з кім. Я такой моваю размаўляю, якую слухаю на Свабодзе, я больш яе прызнаю, а ня тую, што ў школе вучыў”.

* * *

(Сурмач: ) "Старшыня Фэдэральнай Рады беларусаў Аўстраліі Яўген Груша паведаміў нам, што беларуская грамада у гэтай краіне зацікаўлена назірае за выбарчай кампаніяй на Бацькаўшчыне".

(Груша: ) "Чаму ж нам не цікавіцца? Гэта наша Бацькаўшчына. Але што гэта за выбары, калі апазыцыя не мае ніякага шансу выйграць? Хто ж лічыць галасы? Усе газэты пішуць пра Лукашэнку, а хто ведае Мілінкевіча, напрыклад, у вёсцы? Ён ня мае доступу ні да прэсы, ні да радыё, як Лукашэнка. Як у такой сытуацыі можна выйграць выбары?"

(Сурмач: ) "Вы даўно жывяце ў Аўстраліі. З практыкі гэтай краіны – як выглядаюць выбары, можа тым быць нешта падобнае?"

(Груша: ) "У нас нармальныя выбары, любая апазыцыя мае аднолькава часу на тэлебачаньні, на радыё, выбары ў нас цывілізаваныя".

(Сурмач: ) "Ці не было калі ў вас такіх выпадкаў зьбіцьця кандыдатаў ці нейкіх іншых інцыдэнтаў?"

(Груша: ) "У нас такога ніколі не бывае. Вось зараз прэм''ер-міністар сьвяткаваў 10 гадоў на гэтай пасадзе, то былі вялікія дэманстрацыі супроць гэтага. Тое, што ў Беларусі зараз... шкада грошай, якія трацяцца на гэтыя выбары."
XS
SM
MD
LG