Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч правёў сустрэчу ў Бабруйску, Казулін - у Маладэчне


Радыё Свабода Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі застаўся роўна тыдзень. Як ідзе агітацыйная кампанія кандыдатаў у прэзыдэнты ў рэгіёнах?

Сяргей Гайдукевіч скардзіцца на дрэннае надвор’е. Сёньня ён сустракаўся з выбарцамі ў Бабруйску.

(Гайдукевіч: ) “Ледзь еду. Вось зараз з Бабруйску выехаў, гэта нейкі канец сьвету. Тут нават па цэнтры дарогі заносы”.

Спадар Гайдукевіч не мяняе сваёй тактыкі, праводзіць сустрэчы на вуліцы.

(Гайдукевіч: ) “Другое месца ў кішэні. Для партыі тактычныя і стратэгічныя задачы вырашаюцца. Вядомасьць вырастае ў дзясяткі разоў”.

Сёньня актывісты расклейваюць партрэты спадара Гайдукевіча ў Дзяржынску і раздаюць агітацыйную прадукцыю.

(Гайдукевіч: ) “Я ўчора быў у Лепелі і Бешанковічах. Я там мясцовай партыйнай арганізацыі зрабіў унушэньне. Яны кажуць, што там зрываюць усё. Не пасьпееш павесіць, зрываюць. Я прымусіў іх кожны дзень клеіць”.

Аляксандар Казулін сёньня правёў сустрэчу з выбарцамі ў Маладэчна. Паводле прэс-сакратара Ніны Шыдлоўскай, у палац культуры чыгуначнікаў сабралася больш за тысячу чалавек. Сярод іх было некалькі прадстаўнікоў мясцовай вэртыкалі, якія выкрыквалі зь месцаў, што спадар Казулін, маўляў, кажа няпраўду пра Аляксандра Лукашэнку. А каля ўваходу ладзілася правакацыя адмыслова для тэлеканала ОНТ.

(Шыдлоўская: ) "Так як у 15 гадзін павінна была скончыцца сустрэча, але яна зацягнулася, у 15 гадзін сюды прыйшла купка моладзі ў шэсьць чалавек. Яны разгарнулі вельмі якасную расьцяжку “За моцную, квітнеючую Беларусь!” і “Лукашэнка – наш прэзыдэнт”, прычым чамусьці твары яны хаваюць капюшонамі. І сюды ж зь Менску прыехала група ОНТ".

Давераныя асобы спадара Казуліна сустракаюцца з выбарцамі ў Дзяржынску і Асіповічах. Актывісты рыхтуюць сустрэчу ў Горках. Міліцыя канфіскавала з гаражу ў агітатара Эдуарда Брокарава агітацыйную прадукцыю.

(Брокараў: ) “Зайшлі тры міліцыянты на чале з намесьнікам начальніка Горацкага райаддзелу міліцыі Ўладзімерам Коўшыкам. А зь імі чалавек у цывільным. Яны перагледзелі матэрыялы, якія былі. Там матэрыялы ўсе з выходнымі дадзенымі, усе законныя. Тым ня менш, Уладзімер Коўшык сказаў у мяне ўсе матэрыялы канфіскаваць. У мяне там некалькі соцень газэт “Народная воля”, 80 экзэмпляраў мясцовай газэты “Горацкі выбар”, улёткі і буклеты Мілінкевіча і Казуліна”.

Паводле прэс-сакратара штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя Косьціна, ягоная агітацыйная прадукцыя пакуль не распаўсюджваецца.

(Косьцін: ) “На шчытах наша прадукцыя не зьявілася. І ўвогуле ніякіх улётак мы на гэты час афіцыйна не распаўсюджваем”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка працягвае выконваць абавязкі кіраўніка краіны, і ў гэтай ролі ўручыць прызы на турніры “Залатая шайба”. Агітацыяй займаюцца давераныя асобы, і тут ім няма ніякіх перашкодаў. Да прыкладу, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў сустрэнецца з выбарцамі ў Хойніках, а старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч – у Берасьці з працаўнікамі фабрыкі “Элма”.
XS
SM
MD
LG