Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнiку старшынi Асiповiцкай фiлii БНФ прысудзілі дзесяць сутак


Радыё Свабода, Магiлёў Актывіста Асіповіцкага раённага штаба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, намесніка старшыні раённай філіі БНФ Ігара Сімбірова пакаралі дзесяцьцю суткамі пазбаўленьня волі за дробнае хуліганства. Яго затрымалі ў цягніку, калі ён, пасьля таго як адпрацаваў у іншых гарадах, вяртаўся дадому. Пад час затрыманьня яго падазравалі ў тым, што ён перавозіць грошы для выбарчай кампаніі кандыдата.

Паводле міліцыянтаў, ён пачаў бойку ў цягніку і адпаведна атрымаў дзесяць сутак пазбаўленьня волі. Ігар Сімбіроў сваю віну не прызнаў. Ён сьцьвярджае, што на Асіповіцкім чыгуначным вакзале апоўначы 11 сакавіка міліцыянты шукалі ў яго асабістых рэчах грошы на кампанію Аляксандра Мілінкевіча, а знайшлі толькі некалькі дыскаў з ягонымі прамовамі і налепкі зь ягоным партрэтам.

Намесьнiк старшынi Асiповiцкай фiлii БНФ Iгар Сiмбiроў ня мог знайсьці працу ў Асіповічах, і паехаў шукаць яе ў іншых гарадах. Да 11 сакавiка працаваў то ў Маскве, то ў Менску, але ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, распаўсюджваў ягоныя агітацыйныя матэрыялы. За тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў вырашыў вярнуцца дахаты, а трапіў у міліцыю.

Iгар Сiмбiроў пасьпеў патэлефанаваць сябрам, паведамiць, што яго запалохваюць, зьбiваюць, не даюць вады, i на гэтым сувязь зь iм спынiлася. Зь міліцэйскага аддзяленьня яго адразу павезьлі ў суд, дзе і вынесьлі вырак, які ён назваў незаконным.

Тым часам міліцыянты зацікавіліся дзейнасьцю кіраўніка Горацкага раённага штаба Аляксандра Мілінкевіча Эдуарда Брокарава. Сёньня ў ягонай кватэры арганізавалі ператрус ды канфіскавалі ўсе ўлёткі і буклеты адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў, якія надрукаваны за сродкі Цэнтравыбаркаму. Яго завезьлі ў міліцыю і правялі зь ім так званую "прафіляктычную" размову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG