Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынгі Мілінкевіча ў Менску адбыліся на вуліцы (фота)


Радыё Свабода У адрозьненьне ад уладаў гарадоў Берасьцейшчыны, Менскі гарвыканкам пераважна адмаўляе кандыдату ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу ў прадстаўленьні заляў, прыдатных для сустрэч зь вялікай колькасьцю выбарцаў. Улады кажуць, што далі некалькі заляў у кінатэатрах і школах. Тым ня меней сёньня спадар Мілінкевіч вымушана правёў сустрэчы з выбарцамі на марозе – на пляцоўках ля кінатэатру “Салют”, Палацу культуры чыгуначнікаў, Лядовага палацу. На сустрэчах пабывалі тысячы выбарцаў.

Кіраўніца менскага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Валянціна Палевікова абвінаваціла гарвыканкам ў ігнараваньні законных патрабаваньняў яе кандыдата на прадстаўленьне заляў:

(Палевікова: ) “Той жа сцэнар: улады ня могуць нічога новага прыдумаць, запусьцілі ў кінатэатар дзяцей, і самі разумееце, што з-за гэтага ніхто ня пойдзе ў залю. Заляў не далі”.

Прадстаўнік Менскага гарвыканкаму Генадзь Курбека прысутнічаў на сустрэчы Мілінкевіча ля кінатэатру “Салют”.

(Курбека: ) “У кожным раёне горада дадзеныя залі ў школах, і два кінатэатры ў Менску: “Электрон” і “Дружба”. Хай сустракаецца”.

На пляцоўцы ля Палацу культуры чыгуначнікаў, якая ўладамі вызначаная як месца для агітацыі, на працягу ўсёй сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі трансьлявалася гучная музыка. Акрамя соцень прыхільнікаў апазыцыйнага кандыдата, прыйшла група людзей, якія мелі транспаранты за А. Лукашэнку і ледзьве не справакавалі бойку:

(Крыкі: ) “За Беларусь! За Беларусь! Ганьба! Ганьба!”

Аляксандар Мілінкевіч зазначыў, што бачыць у гэтых агрэсіўных людзях аблічча цяперашняй улады:

(Мілінкевіч: ) “На ўсіх сустрэчах у апошні час побач з намі зьяўляецца група людзей, прытым гэта адны і тыя ж асобы. Я разумею, што ім хочацца паслужыць… Замест таго, каб уступіць у размову, вылучыць аргумэнты, спрачацца, мяне спрабуюць перакрычаць. Я гляджу на іх як на ўладу, якая ад бясьсільля крычыць”.

(Людзі: ) “Мілінкевіч! Мілінкевіч!”

Аляксандар Мілінкевіч, адказваючы на пытаньні выбарцаў, адрэагаваў на ўчорашнюю заяву Лукашэнкі , які ў інтэрвію НТВ назваў сваіх канкурэнтаў на выбарах “нягоднікамі”:

(Мілінкевіч: ) “Наш адказ просты: мы ня выберам Лукашэнку яшчэ раз, каб ён кіраваў краінай 17 гадоў. Мы чарговы раз бачым, што ўлада хамская, што яна ня ўмее гаварыць людзкай мовай”.

Аляксандар Мілінкевіч яшчэ раз заклікаў А. Лукашэнку да наўпростых тэледэбатаў.

Людзі рэагавалі на выступ Мілінкевіча па-рознаму:

(Спадарыня: ) “Я думаю, што будзе так, як ён гаворыць, мы разьлічваем на гэта, у нас дзеці растуць, мы ўсё гэта робім з-за іх, з-за нашай будучыні. Таму я думаю, што Аляксандар Мілінкевіч – наш прэзыдэнт”.

(Спадарыня: ) “Калі краіна не развалілася, калі мы не прадалі заводы і фабрыкі, то, значыць, Лукашэнка павінен яшчэ быць пяць гадоў. А там пабачым”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнту ніхто ня верыць. Усё будзе сфальшавана”.





XS
SM
MD
LG