Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін і С.Гайдукевіч правялі сустрэчы зь віцебскімі выбарцамі


Радыё Свабода, Віцебск Напярэдадні афішы пра сустрэчы са спадаром Казуліным актыўна зрываліся невядомымі асобамі, і тым ня менш сустрэцца зь ім прыйшлі каля 800 чалавек. Аб''яваў пра сустрэчы са спадаром Гайдукевічам не было ўвогуле, але ягоныя партрэты ў вялікай колькасьці разьвешаныя амаль на кожным прыпынку грамадзкага транспарту.

Аляксандар Казулін правёў у Віцебску дзьве сустрэчы: у Акадэміі вэтэрынарнае мэдыцыны і ў Цэнтры дзіцячае творчасьці Першамайскага раёну – гэта месцы, адмыслова вызначаныя для сустрэч з кандыдатам. Сяргей Гайдукевіч сустракаўся з выбарцамі на двары, каля гатэлю “Віцебск”, які хоць і не ўваходзіць у пералік вызначаных месцаў, але ёсьць “традыцыйным” месцам сустрэч, паводле вызначэньня каманды кандыдата.

Імпрэзы з удзелам Казуліна спрабавалі сарваць віцебскія сябры БРСМу, якія загадзя занялі каля сотні крэслаў у залі вэтэрынарнай акадэміі і відавочна сумавалі. Недзе на сярэдзіне яны зладзілі дэманстратыўны сыход з воклічамі “Нам абрыдла слухаць хлусьню!” Прысутныя абсьвісталі гэтую дэманстрацыю.

Hа вызваленыя маладымі людзьмі месцы селі тыя, хто дагэтуль ня меў такой магчымасьці, бо заля на 560 месцаў была перапоўненая.

Тым часам, пакуль Аляксандр Казулін адказваў на пытаньні прысутных, маладыя людзі з БРСМу пераехалі на месца наступнай сустрэчы і ўладкаваліся ўжо ў залі Цэнтру дзіцячае творчасьці. Сваё чарговае зьяўленьне на сустрэчу са спадаром Казуліным хлопцы патлумачылі так.

(Хлопец: ) “Можа, ён якое іншае меркаваньне выкажа. Нам, можа, хочацца пра яго асабіста больш даведацца”.

(Другі хлопец: ) “А вас так напалохаў гэты сыход? Можа, мы проста папаліць выходзілі?”

Дэманстратыўны сыход быў прадэманстраваны і гэтым разам, і зноў прысутныя ў залі людзі сталі заклікаць маладых людзей да парадку.

На сустрэчы з Сяргеем Гайдукевічам падобных інцыдэнтаў не было. Увогуле яна прайшла амаль незаўважна для гараджан. Нават Барыс Хамайда, які распаўсюджвае недзяржаўныя газэты ў нейкай сотні крокаў ад гатэлю “Віцебск”, не заўважыў там ні вялікага натоўпу, ні іншых прыкметаў грамадзкай актыўнасьці.

(Хамайда: ) “Я нічога такога ня чуў і не заўважыў у горадзе нічога. Не, пра сустрэчу з Казуліным пісаў “Віцебскі кур''ер”, так што людзі ведалі. Але такое ў мяне ўражаньне, што калі Мілінкевіч прыяжджаў, то больш людзей было зацікаўленых”.

Дарэчы, шмат хто з жыхароў Віцебску пабываў на сустрэчах з абодвума дэмакратычнымі кандыдатамі – і зь Мілінкевічам, і з Казуліным. Яны ахвотна дзяліліся сваімі ўражаньнямі.

(Спадар: ) “Ведаеце, разумных людзей так прыемна паслухаць! Вось мне неяк больш спадабаўся Казулін за Мілінкевіча – ён больш такі валявы, патрабавальны, разумееце?”

(Другі спадар: ) “Цяжка за адзін раз зразумець і аднаго кандыдата, і другога. Але я так унутрана аддаю перавагу ўсё-ткі Мілінкевічу. Не ведаю, адкуль гэта ў мяне ідзе, але чамусьці Мілінкевічу”.

(Спадарыня: ) “Для народа гэта як нейкае сьвятло, што ў нас ёсьць такія людзі, якія могуць пераканаць народ у тым, што й мы можам жыць, як у іншых эўрапейскіх краінах, а ня есьці адно бульбу ды скварку!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG