Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваным сябрам "Партнэрства" не дазволена спатканьне са сваякамі


Радыё Свабода Арыштаваным актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” сьледчыя не дазволілі спатканьне са сваякамі. Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” затрымалі 21 лютага. Супрацоўнікі КДБ пасьля ператрусу ў іх кватэрах забралі ўсе носьбіты інфармацыі.

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафея Дранчука, Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку трымаюць у камэрах сьледчага ізалятара КДБ асобна, каб яны ня мелі магчымасьці кантактаваць паміж сабой. Паколькі адвакаты арыштаваных далі падпіску аб неразгалошваньні дадзеных сьледзтва, сваякі ня ведаюць наколькі сур’ёзная сытуацыя ў крымінальнай справе.

Яны абураюцца, што спачатку шэф КДБ, а потым кіраўнік дзяржавы па тэлебачаньню выказваліся пра актывістаў арганізацыі, якая займаецца выключна назіраньнем за выбарамі, як пра небясьпечных злачынцаў. Тым часам, адвакаты ня маюць права даць якія-небудзь тлумачэньні ў справе. Сьледчыя КДБ паведамілі сваякам актывістаў, што спатканьня з палітвязьнямі можна яшчэ чакаць ня менш за месяц.

Паводле інструкцыі сьледчага ізалятара КДБ, арыштаваным забаронена перадаваць кнігі і прэсу. Выключэньне зроблена толькі для непаўнагадовых вязьняў. Ім можна перадаць не больш за 6 падручнікаў. Невядома, ці ёсьць непаўнагадовыя ў камэрах КДБ. Цімафей, Эніра, Аляксандр і Мікола маюць адзіную сувязь са свабодай – ліставаньне. Рэдкія сустрэчы з адвакатамі маюць аднабаковы характар. Бацька Цімафея Валеры Дранчук атрымаў ад свайго сына першы ліст:

(Дранчук: ) "Іншая справа, што падпіску можна зрабіць, але толькі на "Советскую Белоруссию", таму што зараз сярэдзіна месяца, і выключэньне для "Советской Белоруссии" зроблена. Ён папрасіў нажнічкі ці пілку для пазногцяў – пілка, сказалі, гэта ўжо лішні атрыбут. Крык душы сёньня – гэта, канечне, тое, што адвакатаў фактычна адлучылі ад справы".

Цімафея Дранчука і Міколу Астрэйку дома чакаюць цяжарныя жонкі. У сваіх лістах палітвязьні іх суцяшаюць і нават жартуюць, каб палепшыць іх настрой. Гаворыць Паліна, жонка Міколы Астрэйкі:

(Паліна: ) " Гэта зразумела, што ўсе гэтыя лісты адкрываюцца, усе чытаюцца, таму ніякай такой інфармацыі, акрамя нейкай бытавой, ён ня піша. Такі важны для нас момант, для нашай сям''і, што мы толькі пачынаем, хочацца быць разам у гэты час, але гэта немагчыма".

Маці Эніры Браніцкай непакоіцца за стан здароўя сваёй дачкі. Эніра хворая на язву страўніка.

(Віялета Браніцкая: ) "Паколькі яна дзяўчына, павінна нарадзіць дзіця, я вельмі на гэта спадзяюся, то мне хацелася б, каб яна была здаровая".

Сваякі арыштаваных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” ўпэўнены, што час знаходжаньня пад вартай залежыць ад таго, якая палітычная абстаноўка будзе ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG