Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сустрэўся з выбарцамі Берасьця


Радыё Свабода Прыблізна паўтары тысячы берасьцейцаў прыйшлі на сустрэчу з кандыдатам ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам у гарадзкі Палац культуры прафсаюзаў.

Пасьля спробаў зрыву перадвыбарчых сходаў А.Мілінкевіча актывістамі БРСМ у Баранавічах і Кобрыні, арганізатары берасьцейскага сходу таксама чакалі правакацыяў. Група сябраў БРСМ з прапрэзыдэнцкімі транспарантамі і мэгафонам прыйшла і да берасьцейскага Палацу культуры прафсаюзаў. Яны зьявіліся задоўга да пачатку сходу і актыўна скандавалі:

(Сябры БРСМ: )"За Беларусь! За Беларусь!"

Але сябры БРСМ былі ў відавочнай меншасьці. Сустрэцца з А.Мілінкевічам прыйшло паўтары тысячы чалавек. Берасьцейцы казалі, што ўлады хацелі змабілізаваць сотні прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі – прыйшлі толькі 20 студэнтаў з выкладчыкамі. У залі іх прысутнасьць была незаўважаная.

Большасьць аўдыторыі была прыхільнай да Аляксандра Мілінкевіча. Многія мелі на сабе сінія стужкі, банты, трымалі балёнікі колеру мабілізацыйнай кампаніі апазыцыі.

Сустрэча доўжылася каля 2 гадзінаў. А.Мілінкевіч заявіў, у прыватнасьці, што цягам гэтай перадвыбарчай кампаніі грамадзтва ў Беларусі ажывілася, палітызавалася, што пасьля яно не захоча вяртаньня ў ранейшы стан. і выказаў упэўненасьць, што грамадзтва ўрэшце верне сабе кантроль над дзяржавай.

А.Мілінкевіч таксама запэўніў, што акцыі апазыцыі 19 сакавіка будзе мірнай, заявіў, што ён асабіста пойдзе да канца, ня здымецца з выбарчай гонкі, а апазыцыйная кааліцыя захаваецца да перамогі дэмакратыі ў Беларусі.

Пасьля выступу ў залі А.Мілінкевіч пагутарыў зь людзьмі, якія ня трапілі ў залю Палаца культуры, у вэстыбюлях і на вуліцы. Берасьцейцы яго доўга не хацелі адпускаць:

(Скандаваньне: ) "Мілінкевіч! Мілінкевіч!"
XS
SM
MD
LG