Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія: агляд падзеяў тыдня


Юры Дракахруст, Прага Адміністрацыйныя арышты актывістаў каманды Аляксандра Мілінкевіча і цэнзура выступаў кандыдатаў, канфіскацыя накладу “Народнай волі” і пачатак крымінальнай справы супраць Аляксандра Казуліна, ягоная паездка ў Нямеччыну і візыт у Менск прэм''ер-міністра Расеі – пра ўсё гэта ў аглядзе хады выбарчай кампаніі на гэтым тыдні.

Супраць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна былі распачатыя дзьве крымінальныя справы, першая – паводле артыкулу “злоснае хуліганства” – за інцыдэнт 17 лютага, калі ў дзень рэгістрацыі кандыдатаў Казулін прарваўся ў будынак Нацыянальнага прэс-цэнтру.

Другую справу – за хуліганства – распачалі за тое, што 2 сакавіка пасьля спробы патрапіць на усебеларускі сход зьбіты і затрыманы Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі ў пастарунку міліцыі. Супрацоўнік прэс-цэнтру беларускай пракуратуры Ягор Лівай паведаміў “Свабодзе”:

(Лівай: ) “Крымінальныя справы ў дачыненьні кандыдата ў прэзыдэнты спадара Казуліна злучылі ў адну справу і накіравалі для далейшага расьсьледаваньня і юрыдычнай ацэнкі ў ГУУС Менгарвыканкаму”.

8 сакавіка Аляксандар Мілінкевіч правёў дзьве сустрэчы з выбаршчыкамі ў Менску. Падчас выступаў былі затрыманыя прынамсі 10 актывістаў яго каманды, у тым ліку старшыня БНФ і давераная асоба кандыдата Вінцук Вячорка. Яны былі дастаўленыя ў спэцпрыёмнік МУС на вуліцы Акрэсьціна.

Аляксандар Мілінкевіч так пракамэнтаваў гэтыя затрыманьні:

(Мілінкевіч: ) “Краіна татальнага беззаконьня, калі каго і затрымліваць, то толькі Мілінкевіча, бо арганізатарам быў я. Я ім гэта праз мэгафон сказаў. Калі органы міліцыі такое робяць, то закону ўжо няма ў краіне”.

9 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну судзьдзя Надзея Равуцкая асудзіла Вячорку і яшчэ двух актывістаў каманды Мілінкевіча, Аляксандра Паўлоўскага і Пятра Бабарэку, на 15 сутак арышту. Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

У судзе Вінцук Вячорка патлумачыў:

(Вячорка: ) “Тое, што адбылося ўчора пасьля таго, як адбылася сустрэча, трэба трактаваць як прамое парушэньне права на агітацыю, якое гарантуецца і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і выбарчым заканадаўствам, і Крымінальным кодэксам”.

9 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла на прыступках суда Маскоўскага раёну Менску, Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што агулам ад рэпрэсіяў уладаў пацярпела каля 250 актывістаў ягонай каманды. Спадар Мілінкевіч тлумачыць узмацненьне рэпрэсіяў страхам улады перад разгортваньнем кампаніі апазыцыйнага кандыдата.

У панядзелак і ў аўторак у Магілёве міліцыянеры палічылі несанкцыяванымі мітынгамі сустрэчы магілёўцаў з даверанымі асобамі Мілінкевіча Сяргеем Калякіным і Анатолем Лябедзькам. За мітынг Калякіна быў затрыманы і асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту кіраўнік рэгіянальнага штабу Мілінкевіча Уладзімер Шанцаў. Пасьля абвяшчэньня прысуду ён сказаў:

(Шанцаў: ) “Праводзіў сустрэчу Калякін, а 15 сутак атрымліваю я. Гэта значыць, што мяне як кіраўніка абласнога хочуць выбіць з працы да выбараў”.

Лябедзька быў сілай затрыманы ў Магілёве ў аўторак. У гэты ж дзень адбыўся і суд над старшынём АГП. Судзьдзя прысудзіў палітыку буйны штраф. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “50 мінімалак – думаю, што на заахвочваньне прававахоўчых органаў далей змагацца з іншадумствам у Магілёве. Улада пачала баяцца, яна бачыць, што кампанія набірае тэмп, і сам ход кампаніі не на яе карысьць”.

У панядзелак па дзяржаўным радыё прагучалі апошнія выступы кандыдатаў на прэзыдэнта Казуліна і Мілінкевіча. Як і тэлевыступ Казуліна на мінулым тыдні, радыёзвароты былі цэнзураваныя. З прамовы Казуліна выкрэсьлілі ўзгадку пра інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі нямецкай газэце “Гандэльсблат”, дзе кіраўнік Беларусі хваліў Гітлера. З выступу Мілінкевіча выразалі камэнтар да заяваў Лукашэнкі пра вершы Васіля Быкава і жыцьцё Скарыны ў Санкт-Пецярбургу.

На гэтым тыдні Аляксандар Казулін наведаў Украіну і Нямеччыну. Выступаючы ў Кіеве на прэсавай канфэрэнцыі, Казулін зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі з заклікам выйсьці на вуліцы ў дзень выбараў 19 сакавіка. Кандыдат на прэзыдэнта заклікаў усіх грамадзян Беларусі не паддавацца на правакацыі й не распачынаць канфлікты зь сілавікамі, а “несьці кветкі й паіць гарбатай сваіх жа дзяцей у спэцназаўскай форме”.

А ў аўторак ў Бэрліне адбылася сустрэча з Казуліным статс-сакратара Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Герната Эрлера.

У панядзелак быў арыштаваны наклад “Народнай Волі" ў 250 тысячаў асобнікаў, прысьвечаны падзеям 2 сакавіка – зьбіцьцю Казуліна і маніфэстацыі ў Менску прыхільнікаў Мілінкевіча. Незалежнае выданьне затрымалі супрацоўнікі ўнутраных справаў Віцебшчыны пры перавозцы газэты ў Менск з друкарні Смаленску. Гаворыць галоўны рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч.

(Сярэдзіч: ) “Як толькі перавозчыкі зьявіліся на мяжы, мытнікі і жартам, і ўсур’ёз сказалі: ужо доўгі час мы вас чакаем, а вас усё няма і няма. Вядома, што гэта справа ня толькі Віцебскай абласной міліцыі. Сёньня ўключылася ўся сыстэма — каб ніводзін радок вольнай прэсы не прайшоў”.

Канфіскаваны наклад ня быў вернуты рэдакцыі і ў наступныя дні.

У Менску адбылося паседжаньне "саюзнага" саўміну. Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Міхаіл Фрадкоў заявіў, што не сумняецца, што народ Беларусі зробіць правільны выбар, які ўмацуе будаўніцтва саюзнай краіны. Падчас размовы Лукашэнка гэтак ацаніў сытуацыю ў Беларусі:

(Лукашэнка: ) “Як вы бачыце, у нас усё ціха і спакойна. Так будзе заўсёды, нягледзячы на вострую палітычную сытуацыю. Сытуацыя ня проста кантраляваная, а абсалютна нармальная”.

Кіраўнік расейскага ўраду перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітаньне ад Уладзімера Пуціна.

9 сакавіка на ініцыятыву Аляксандра Казуліна адбылася яго сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам. Казулін заклікаў Мілінкевіча за некалькі дзён да выбараў прыняць сумесную заяву аб зьняцьці сваіх кандыдатураў. Казулін лічыць, што правядзеньне датэрміновых выбараў ёсьць незаконным. У той жа дзень Аляксандар Мілінкевіч на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Бярозе паўтарыў думку апазыцыйнай кааліцыі, што трэба ісьці да канца.
XS
SM
MD
LG