Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якому з кандыдатаў аддаюць перавагу менчукі?


Радыё Свабода Працягваецца пэрыяд перадвыбарчай агітацыі за кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Ці вызначыліся Вы, за каго будзеце галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Я ўжо вызначыўся. Тое, што я буду галасаваць супраць дзейнага прэзыдэнта – гэта па-першае. А па-другое, калі выбіраць, то для мяне больш прывабнай падаецца кандыдатура Аляксандра Мілінкевіча, бо ягоная праграма ўсё ж такі больш адпавядае маім інтарэсам”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вызначыліся Вы, за каго будзеце галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Спадар: ) “Ды я ўжо некалькі гадоў назад, можа зь дзесятак вызначыў: натуральна я буду галасаваць за новае кіраўніцтва, бо куды ж мы ўжо даехалі?!”

(Спадарыня: ) “Я ня бачу больш дастойнай фігуры, чым Лукашэнка”.

(Спадар: ) “Канечне ж, я вызначыўся за каго я буду галасаваць – гэта Мілінкевіч. Таму што калі прэзыдэнт ня ведае беларускай мовы, дык які ён прэзыдэнт. І я лічу, што прэзыдэнт ня мае права, як на гэтым “усебеларускім” сходзе, выказвацца такімі словамі, як “рвачы”, “адмарозкі” й гэтак далей. Што гэта за лексыка? Ды й урэшце – колькі можна, каб людзі баяліся выказваць што яны думаюць? Якая ж гэта свабода?”

(Спадар: ) “Па-сутнасьці, я ведаю, за каго, але ня ведаю, ці варта ўвогуле ісьці галасаваць, бо вынік ужо вядомы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зрабілі Вы свой выбар?”

(Юнак: ) “Не, я думаю, што яшчэ маю час вызначыцца. Мяне задавальняе і як зараз усё”.

(Спадарыня: ) “Ну, натуральна, нам усё даўно вядома. Я, да прыкладу, і першы раз галасавала за Лукашэнку. Адзіны мой боль, што прапалі нашыя ўклады, і цяперашні прэзыдэнт абяцаў іх вярнуць. Было крыху кампэнсацыі, і я за гэтыя грошы купіла эмаліраванае вядро. І зараз чакаю, спадзяюся”.

(Юнак: ) “Я зрабіў свой выбар, і ён на карысьць Казуліна. Бо ў нас улада ў краіне таталітарная, яна цалкам у руках цяперашняга прэзыдэнта, і ён можа рабіць зь людзьмі ўсё, што заўгодна. У нас чалавек можа прапасьці, яго могуць забіць і ніхто за гэта адказваць ня будзе”.

(Юнак: ) “Я вызначыўся ўжо, за каго я буду галасаваць, гэта будзе Гайдукевіч. Бо калі я чуў ягоную праграму, то яна мне вельмі спадабалася, і я лічу, што трэба нешта мяняць”.

(Юначка:) “З таго, што я ведаю – я за Аляксандра Мілінкевіча. Гэтая кандыдатура вартая гэтай краіны, бо, напэўна, ён можа штосьці зьмяніць. Нават мая бабуля, якой 96 гадоў, яна таксама зьбіраецца галасаваць за Мілінкевіча”.

(Юнак:) “Пэўна, гэта ўсё ж такі будзе Мілінкевіч. Бо на мой погляд, ён – лепшае, што можа быць на гэты момант”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG