Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – сёмая па сярэднім заробку сярод былых саюзных рэспублік


Радыё Свабода "Без падпіскі". Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук.

“Народная воля” падае падрабязнасьці падзеяў у Менску 2 сакавіка, калі Аляксандар Казулін паспрабаваў зарэгістравацца дэлегатам так званага Ўсебеларускага зьезду, а Аляксандар Мілінкевіч арганізаваў сустрэчу з выбарнікамі.

Ці мае права дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка балятавацца на сёлетніх выбарах? На пытаньні журналістаў адказвае юрыст Гары Паганяйла.

Аляксандар Казулін расказаў карэспандэнту “Народнай волі” падрабязнасьці сваёй службы ў марской пяхоце. Гэтак, падчас вайсковай службы будучы кандыдат у прэзыдэнты краіны выконваў “інтэрнацыянальны абавязак” у Афрыцы, дэсантаваўся з паветра, заслужыў значок за дальняе плаваньне, ганаровы дыплём чэмпіёна дэсанту па вольнай барацьбе...

*** “БДГ. Деловая Газета” таксама зьвяртаецца да падзеяў другога сакавіка ў Менску. Цытата: “Паводле ацэнак журналістаў, на сустрэчу зь Мілінкевічам прыйшлі каля трох тысяч чалавек, па ацэнках ягонага штабу – каля 10 тысяч. Людзі выкрыквалі: “Жыве Беларусь!”, “Галасуй за фізыка, а не за шызіка!” Віктар Байчэня прысьвяціў свой артыкул Аляксандру Мілінкевічу, а Валерыя Касьцюгова аналізуе перадвыбарчыя праграмы удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі.

*** Газэта “Товарищ” друкуе хроніку выбарчай кампаніі, аналітычны артыкул лідэра ПКБ Сяргея Калякіна пра так званы Ўсебеларускі народны зьезд: “Бескарысны форум даў падставу для карыснага роздуму”.

*** “Наша Ніва” піша пра акцыі міжнароднай салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі кандыдатамі у прэзыдэнты. Тыднёвік паведамляе: у выпадку пройгрышу Аляксандар Казулін мае намер працаўладкавацца ў Маскве. Сямён Печанко расказвае, як правалілася акцыя правакатараў зь ліку гарадзенскіх студэнтаў на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарнікамі абласнога цэнтру. Не дабіліся свайго лукашэнкаўцы і падчас другога прыезду кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Баранавічы.

*** Тэмай нумару “БДГ. Деловой газеты” стала сьвята восьмага сакавіка. Максім Жбанкоў вызначыў яго як дзень усіх недакаханых. Кацярына Харына пагутарыла з жонкамі спадароў Гайдукевіча, Казуліна й Мілінкевіча. Напрыклад, пра тое, ці варта ўводзіць у Беларусі інстытут першай лэдзі. Тыднёвік вывеў і свой топ-ліст самых “чэсных” дам краіны. Туды трапілі Лідзія Ярмошына, Паліна Смолава, Ірына Абельская, Галіна Жураўкова і Юлія Несьцярэнка.

*** Алесь Сівы паведамляе ў “Народнай волі”: пасьля таго як настаўнiца гiсторыi пятай пружанскай школы Тэрэса Жэгалава растлумачыла на ўроку вучням сутнасьць таталiтарнага й аўтарытарнага рэжымаў, яна была вымушана напiсаць заяву аб звальненьнi з працы.

А Марына Коктыш пагутарыла са Сьвятланай Завадзкай, якая нядаўна сустракалася ў Белым доме з Джорджам Бушам. На пытаньне “Народнай волі”, ці не баіцца яна перасьледу з боку беларускіх уладаў, жонка зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага адказала: такая небясьпека ёсьць, бо апошнім часам ёй часта тэлефануюць ананімы, нумары якіх нібыта не існуюць...

Карэспандэнты “Народнай волі” паспрабавалі знайсьці тых кабет, якія па словах Аляксандра Лукашэнкі пацярпелі ад Аляксандра Казуліна ў Палацы чыгуначнікаў. Высьветлілася: ніхто ніякіх жанчын ня біў... Гэта прызнаў нават кіраўнік прэсавай службы сталічнай міліцыі.

*** “Наша Ніва” друкуе нататкі Барыса Гарэцкага пра тое, як ён адсядзеў 10 сутак у сьледчым ізалятары за ўдзел у апошняй акцыі. Газэта пасьвяціла некалькі матэрыялаў 50-годзьдзю фултанаўскай прамовы Чэрчыля, бо як заўважае ў артыкуле “Канец тыраніі” публіцыст Віталь Тарас, яна застаецца актуальнаю і ў сучаснай Беларусі.

*** У эканамічным блёку “БДГ. Деловой газеты” публікацыі пра тое, ці прыйдзе “Філіп Морыс” у Горадню, пра пошук альтэрнатывы расейскаму паліву, будні Асацыяцыі рэклямных арганізацый Беларусі. Ксенія Авімава дазналася: усьлед за намерам уладаў зьнішчыць кабэльныя інтэрнэт-сеткі зьявілася ідэя забараніць і бяздротавыя (радыё) сеткі.

*** “Народная воля” расказвае пра тое, што яе аўтару – палітолягу Андрэю Суздальцаву невядомы нядаўна пераслалі капэрту з баявым патронам і застрашальнай запіскай: “Апошні”...

Газэта друкуе шэраг паведамленьняў з рэгіёнаў пра ціск на апанэнтаў улады перад маючымі адбыцца выбарамі.

Зьмяшчаецца таксама статыстыка пра сярэднія заробкі ў былых краінах СССР ў 2005 годзе. Так, эстонцы мелі ў месяц 593 даляры, літоўцы – 460, латышы – 430, расейцы – 302, казахстанцы – 260, украінцы – 220 даляраў. Беларусы выйшлі на ўзровень 214 даляраў і занялі толькі сёмае месца сярод 15 колішніх “рэспублік-сясьцёр”...

*** Мікола Бугай піша ў “Нашай Ніве”: кожны дэлегат лукашэнкаўскага “Ўсебеларускага форуму атрымаў каштоўныя падарункі, а таксама пляшку “Зуброўкі”, па бляшанцы чырвонай і чорнай ікры. Самым каштоўным падарункам стаў шырокаэкранны тэлевізар. Агульны кошт гэтых падарункаў сягае аднаго мільярда 150 мільёнаў”. Пагоня за лічбамі даводзіць дзяржаўную “Праграму адраджэньня вёскі” да абсурду, цьвердзіць чытач “НН” з Докшыцкага раёну Янка Зуброўскі.

*** Паводле “Народнай волі” Міністэрства аховы здароўя вырашыла вярнуць савецкую практыку штогадовай дыспансэрызацыі насельніцтва, каб паменшыць колькасьць хворых на сэрца. Але экспэрты спасылаюцца на досьвед Польшчы: там аналягічная сытуацыя рэзка выправілася толькі тады, калі мэдустановы атрымалі сучаснае абсталяваньне...

А “БДГ. Деловая газета” канстатуе: ад сухотаў у Беларусі штогод памірае тысяча чалавек.

*** У “Народнай волі” Пётра Васілеўскі вяртаецца да фэномэну рэчыцкага мастака Аляксандра Ісачова. “Наша Ніва” расказвае пра тое, як робіць беларускія фотарэпартажы парыскі фатограф Джэф Баніфацыно. “БДГ. Деловая газета” дае водгук на апошнюю “Рок-каранацыю”, друкуе інтэрвію са славутым польскім рэжысэрам Анджэем Вайдам, драматургам Юліем Кімам. Тыднёвік падводзіць таксама вынікі удзелу беларускай дэлегацыі ў зімовых Гульнях: на заваяваньне адзінай алімпійскай узнагароды было затрачана амаль тры мільёны даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG