Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе агітацыйная кампанія кандыдатаў на прэзыдэнта?


Радыё Свабода Сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч, а таксама іх давераныя асобы, праводзілі сустрэчы з выбарцамі. Кандыдат Аляксандар Лукашэнка працягваў выконваць абавязкі кіраўніка краіны, а ягоныя давераныя асобы займаліся агітацыяй.

Сяргей Гайдукевіч сустракаўся з выбарцамі ў Віцебску і, як заўсёды, на двары.

(Гайдукевіч: ) “У Віцебску мы сустракаліся каля гатэлю “Віцебск”. Куча народу, прайсьці не магу. Ва ўсякім разе, калі я падыходжу да аўтобуснага прыпынку, палова людзей ужо не садзіцца ў аўтобус. Нават тралейбусы, калі едуць, я іду па вуліцы, усьміхаюцца, радуюцца, што бачаць і пытаюцца, канешне. Бабулі пыталіся, як будуць справы з пэнсіямі?”

Паводле спадара Гайдукевіча, да ягонай паездкі праяўляе цікавасьць міліцыя.

(Гайдукевіч: ) “Ну, міліцыя кругом. Па два-тры чалавекі, дзе я выходжу, там яна ўжо чамусьці знаходзіцца”.

Штаб Гайдукевіча сёньня ўпершыню паведаміў пра факты затрыманьня міліцыяй агітатараў. Сябра штабу Анатоль Хішчанка разам з актывістамі распаўсюджваў лістоўкі на Камароўскім рынку ў Менску.

(Хішчанка: ) “У Гомелі распаўсюджвалі нашы матэрыялы, затрымала міліцыя. Склалі акт нейкі. Давялося ўмяшацца. Гэтак жа і ў іншых месцах ёсьць і зараз на Камароўцы працуем, тут таксама падыходзяць міліцыянты, няправільна рэагуюць на нашы дзеяньні”.

Аляксандар Казулін сёньня праводзіў сустрэчы на Віцебшчыне. У рэгіёнах таксама працавалі яго давераныя асобы. Уладзімер Нісьцюк праводзіў сустрэчы з выбарцамі ў Барысаве, у палацы культуры НВА “Экран”.

(Нісьцюк: ) “Цяпер якраз разгортваецца актыўная праца. Нашы апанэнты, у тым ліку і першая асоба дзяржавы, трохі выдыхнуліся, ужо выказаліся. А цяпер, як Штырліц казаў, запамінаецца апошняе. Вось у апошні тыдзень мы вельмі актыўна і будзем сустракацца”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня зноў выконваў абавязкі кіраўніка краіны. Паводле прэсавага сакратара штабу Дзьмітрыя Косьціна, агітацыяй займаліся давераныя асобы.

(Косьцін: ) “Давераная асоба Бачыла, дырэктар гімназіі №1 горада Барысава сустракаецца ў адной вайсковай частцы. Уладзімер Гасьцюхін паехаў у Полацкі памежны атрад. Кіраўнікі выканкамаў сёньня таксама праводзяць сустрэчы на месцах. Уладзімер Канаплёў будзе сёньня ў Петрыкаве, Хойніках, Нароўлі, сустракаецца з выбарцамі ў доме культуры ці наагул на плошчы”.

Аляксандар Мілінкевіч сёньня знаходзіўся на Берасьцейшчыне. Ягоныя актывісты ў Менску вядуць падрыхтоўку да трох сустрэчаў, якія плянуюцца заўтра ля Палацу чыгуначнікаў, Лядовага палацу і кінатэатра “Салют”. Паводле кіраўніцы гарадзкога штабу Валянціны Палевіковай, пасьля ўчорашніх затрыманьняў агітатараў працаваць стала складаней.

(Палевікова: ) “Усё часьцей выхопліваюць нашы ўлёткі з рук. Ня толькі на сустрэчах, але правакатары пайшлі па вуліцах. Ёсьць ужо выпадкі нападаў на нашых агітатараў, калі яны ходзяць “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. У пад’езды небясьпечна заходзіць. Таму мы сёньня абмеркавалі ўмовы, як мы будзем хадзіць, каб ніхто адзін не заставаўся, таму што ўсё гэта небясьпечна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG