Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне працягваюць “змагацца з тэрарызмам”


Радыё Свабода Сёньня ў Шчучыне выклікалі ў міліцыю на допыт Васіля Бязьмена —прадстаўніка каманды Аляксандра Мілінкевіча. Яго дапытвалі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе супраць Сяргея Ляшкевіча — кіраўніка раённага штабу А.Мілінкевіча.

Васіль Бязьмен паведаміў нашаму Радыё, што яго выклікалі па справе супраць Сяргея Ляшкевіча. Сяргея абвінавачваюць у арганізацыі групаў для ўдзелу ў масавых беспарадках — паводле вядомых дапаўненьняў да крымінальнага кодэксу (артыкул 293, частка ІІІ), сказаў спадар Бязьмен.

Сам Сяргей Ляшкевіч атрымаў позву — прыбыць на наступны дзень пасьля выбараў, 20 сакавіка, у ваенкамат. Ён паведаміў нашаму Радыё, што ў позьве гаворыцца, што ён мае прайсьці мэдычны агляд. Сяргей зазначыў, што зьняты з вайсковага ўліку, прычым паводле ўзросту ён увогуле не падлягае прызыву на вайсковую службу.

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці аб распачатай крымінальнай справе супраць мастоўскага актывіста Андрэя Панасіка, які зьбіраў подпісы за Мілінкевіча. Яго абвінавачваюць у прыналежнасьці да незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”. Андрэй паведаміў нашаму Радыё, што ён пабываў на допыце.

(Панасік: ) “Прыяжджалі нават з Горадні людзі, прадставіліся як нейкія “антытэрарысты”. У мяне забралі кампутар з дому, у ім была “бомба”, і фотаздымкі Мастоў, і яны вырашылі, што я хачу ўзарваць Масты”.

Пад “бомбай” Андрэй Панасік мае на ўвазе рэцэпт гэтак званага “кактэйлю Молатава”, які ён узяў з інтэрнэту. Гэтыя два афіцэры ў цывільным з Горадні зрабілі відэаздымку Андрэя. Ён сказаў ім, што ніякімі недазволенымі дзеяньнямі не займаўся, а “Партнэрства” даўно не існуе, і ён зь ім не супрацоўнічаў.
XS
SM
MD
LG