Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мілінкевіч – прадстаўнік "нацменаў", Казулін "крымінальнага сьвету"


Радыё Свабода Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, Аляксандар Лукашэнка "нават гіпатэтычна" ня верыць у перамогу на выбарах сваіх канкурэнтаў, Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Аб гэтым прэзыдэнт заявіў 10 сакавіка падчас наведваньня вытворчага аб''яднаньня "Беларуськалій" у Салігорску.

"Яны ня ўмеюць будаваць моцную й квітнеючую Беларусь і ня хочуць гэтага. Ім гэтая ўлада сёньня не патрэбная, ім трэба зарэкамэндаваць сябе і стаць буйнымі бізнэсоўцамі ў палітыцы. Гэта іхны бізнэс, на гэтым яны зарабляюць, і за гэта амэрыканцы і эўрапейцы плацяць ім грошы. А людзей клічуць на вуліцы для таго, каб атрымаць болей грошай, таму што ня іхныя дзеці пацерпяць, калі што-небудзь станецца, пацерпяць жа іншыя... Я, канечне, абсалютна выключаю варыянт, калі хтосьці ў нас павінен пацярпець, ня дай Бог кроў пральецца, але ж яны штурхаюць грамадзтва да гэтага", заявіў Лукашэнка.

А.Казуліна ён абвінаваціў у сувязях з "крымінальным сьветам". "Гэта прадстаўнік найбольш карумпаванага слою нашага насельніцтва, ён невялікі, і крымінальнага сьвету. Вось хто яго сёньня штурхае... Але гэта я вам пасьля выбараў раскажу пра факты... А зараз я нікога не хачу чапаць, каб мяне не абвінавацілі... Проста я вам кажу, хто ў іх за сьпіной".

А.Мілінкевіча Лукашэнка назваў прадстаўніком "прапазьнякоўскага бэнээфаўскага крыла". "Гэта прадстаўнік нават не нацыяналістычнага крыла, гэта проста нейкія фашыстуючыя нацмены", сказаў Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG