Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўладам эскаляцыя рэпрэсіяў супраць апазыцыі?


Алена Радкевіч, Прага Чым тлумачыцца ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць апазыцыі? Чаму ідэя зьняцьця кандыдатураў апазыцыйнымі кандыдатамі ўзьнікла на фінальным этапе выбараў? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць аналітыкі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

(Радкевіч: ) "На гэтым тыдні рэзка ўзмацніліся рэпрэсіі супраць актывістаў выбарчай агітацыі: пад рэпрэсіі патрапілі кіраўнікі камандаў – распачатыя ажно дзьве крымінальныя справы супраць Аляксандра Казуліна, аштрафаваны Анатоль Лябедзька, 15 сутак арышту атрымалі Вінцук Вячорка і Ўладзімер Шанцаў. Навошта гэта робіцца? Калі ўлады не хацелі, каб слова кандыдатаў дайшло да выбаршчыка, маглі не пускаць іх радыё- і тэлевыступы, якія мелі значна больш шырэйшаю аўдыторыю, чым агітацыйныя пікеты і мітынгі?"

(Карбалевіч: ) "Узмацненьне рэпрэсіяў мае некалькі прычынаў. Па-першае, дзейнічае лёгіка ўладаў. Стандартная рэакцыя на вулічныя акцыі апазыцыі, імкненьне застрашыць Акрамя таго, улады напужаныя рэзанансам ад тэлевыступаў кандыдатаў, вырашылі сілай загнаць агітацыйную кампанію апазыцыі ў рэзэрвацыю, праводзіць сустрэчы з насельніцтвам толькі ў тых месцах, якія дазволены для агітацыі. Дэманстрацыя сілы, імкненьне прымусіць апазыцыю дзейнічаць строга па правілах – гэта прэвэнтыўныя крокі дзеля прадухіленьня рэвалюцыі 19-20 сакавіка. Калі б улады не дазволілі тэле– і радыёвыступы кандыдатаў, гэта пэўным чынам ставіла б пад сумненьне легітымнасьць плянуемай перамогі Лукашэнкі на выбарах, таму што з 1994 году існуе традыцыя выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты ў радыёэлектронных мэдыях, і адмова ад яе была б незразумелая нават электарату Лукашэнкі, а рэпрэсіі, якія ладзяцца цяпер супраць апазыцыі для большасьці насельніцтва невядомыя, калі пра гэта не паведамляе дзяржаўная тэлевізія, то для электарату Лукашэнкі факту не існуе".

(Радкевіч: ) "З такім жа пытаньнем я зьвяртаюся да Юрыя Дракахруста: на Вашую думку, навошта ўладам патрэбная такая эскаляцыя рэпрэсіяў супраць апазыцыі?"

(Дракахруст: ) "Я згодны з Валерам, што мэта – ня столькі перашкодзіць агітацыі, распаўсюду веды пра кандыдатаў, колькі не дапусьціць нарастаньня грамадзка-палітычнай актыўнасьці: паказаць, што ўлада не завагаецца пры неабходнасьці ўжыць сілу.

Я б хацеў зьвярнуць увагу на яшчэ адзін знакавы арышт: вэтэрана рабочага руху Сяргея Антончыка. Калі Вячорка, Шансаў, Лябедзька, Казулін былі пакараныя за нейкія дзеяньні, зробленыя падчас выбарчай кампаніі, то ў адносінах да Антончыка – поўнае непаразуменьне. Ішоў па вуліцы, затрымалі, спынілі, адвезьлі ў пастарунак, абвінавацілі ў супраціве – 15 сутак. І пры тым, што ні ў якой выбарчай камандзе Антончык нібыта ня быў, у акцыях ня ўдзельнічаў.

Ведаеце, дасьледчыкі сталінскага тэрору, што ягоны жах палягаў ня столькі ў ягонай маштабнасьці, колькі ў хаатычнасьці. Любы, ад чальца палітбюро да калгасьніка, ня быў абаронены ад сякеры органаў. Ну, часы крыху іншыя, але лёгіка падобная. За што Антончыка? А чаго па вуліцы ходзіць? Можа, да 19-га рыхтуецца?"

(Радкевіч: ) "На гэтым тыдні адбылася сустрэча А.Казуліна з А.Мілінкевічам. Казулін выказаў некалькі прапановаў: выступіць з супольнай заявай, зьняцца аднаму кандыдату на карысьць іншага, і нарэшце, зьняць свае кандыдатуры абодвум з прычыны абсалютна няроўных умоваў выбарчага спаборніцтва. Перад тым, як мы пачнём абмяркоўваць гэтае пытаньне – вось што думаць на гэтую тэму нашыя слухачы".

(Спадар: ) "Наконт таго, што Казулін прапанаваў Мілінкевічу абодвум зьняць свае кандыдатуры. Па-першае, Мілінкевічу ўжо позна здымаць кандыдатуру, бо занадта шмат людзей у яго паверылі. Калі ён здыме, гэта будзе выглядаць так, як быццам бы ён зьбег у самы адказны момант. А вось Казулін можа зьняць сваю кандыдатуру – гэта не паўплывае значна на ход падзеяў".

(Іншы спадар: ) "Я хачу паясьніць Аляксандру Казуліну, што здымаць свае кандыдатуры разам з Алесем Мілінкевічам – трэба было гэта раней рабіць. Трэба падумаць пра нашых герояў, якія мужна вядуць сваю працу, як на карысьць сп. Мілінкевіча, так і на вас, сп. Казулін. Вы зрабіце мужны ўчынак цяпер: здыміце сваю кандыдатуру, пакуль ня позна, на карысьць сп. А.Мілінкевіча. І сваёй камандай працуйце на яго карысьць".

(Радкевіч: ) "Мілінкевіч, нагадаю, ужо адхіліў гэтую прапанову і заявіў, што пойдзе да канца. На Ваш погляд – чаму гэтая ідэя, ідэя байкоту выбараў, зьявілася цяпер, на фінальным этапе кампаніі?"

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, прапанова Казуліна даволі нечаканая. Думаю, патлумачыць яе можна наступным: Казулін некалькі разоў падчас сваіх выступаў заяўляў, што наступным прэзыдэнтам будзе ён. То бок, ён спрабаваў сфармаваць вобраз пераможцы, які нават не дапускае думкі, што можа быць інакш. Але, мусіць, сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчаць пра тое, што выбуховага рэйтынгу не адбываецца, і каб пазьбегнуць статусу чалавека, які прайграў кампанію, а ён не аднойчы абвінавачваў так званую старую апазыцыю ў тым, што яна шмат гадоў мае адны паразы, захаваць вобраз непераможанага, Казулін і прапануе зьняцца з прычыны недэмакратычнасьці выбараў.

А адмова Мілінкевіча таксама лягічная, у яго трохі іншы статус. Ён мае пэўную адказнасьць перад апазыцыйным асяродзьдзем, апазыцыйным электаратам, міжнароднай супольнасьцю. Яму было б цяжэй тлумачыць, чаму ён не пайшоў да канца. І як пасьля гэтага даказаць, што Лукашэнка сфальсыфікаваў выбары?"

(Радкевіч: ) "І такое ж пытаньне – да Юрыя Дракахруста".

(Дракахруст: ) "Мне здаецца, што і сам сп. Казулін ставіцца да гэтай прапановы прыблізна гэтак, як і сп. Мілінкевіч. Мне так здаецца, што ён хацеў гэтай прапановай, па-першае, падаць сам факт сустрэчы зь Мілінкевічам, каб дагадзіць частцы дэмакратычнага электарату, а па-другое – дэзынфармаваць уладу, каб улада ўлічвала і такі варыянт і распыляла свае сілы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG