Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канцэрце салідарнасьці ў Варшаве выступяць беларускія й польскія музыкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Заўтра ў Варшаве ў цэнтры гораду адбудзецца грандыёзны канцэрт салідарнасьці зь Беларусьсю, на якім зайграюць найбольш вядомыя польскія і беларускія рок-музыкі.

Канцэрт пройдзе на рынку Новага гораду – гэта недалёка ад замкавага пляцу ў самым сэрцы Варшавы. Паводле арганізатараў – сяброў ініцыятывы “Вольная Беларусь” – у часе чатырохгадзіннага канцэрту зайграюць вядомыя беларускія музыкі, чые выступы ў Беларусі цяпер практычна забароненыя: Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Аляксандар Кулінковіч, Кася Камоцкая, а таксама навучэнцы ліцэю імя Якуба Коласа.

Яны засьпяваюць польскія песьні 80-х гадоў, якія былі важныя ў тыя часы для палякаў, дадавалі сілаў у змаганьні супраць камуністычнага рэжыму.

Разам зь беларускімі музыкамі зайграюць і зоркі польскай рок-музыкі, на сцэне зьявяцца таксама вядомыя тэлевядучыя і акторы. Адзін зь іх, Марцін Босак, кажа, што калі пабачыў, як у суседняй краіне міліцыянты і асобы ў цывільным зьбіваюць людзей толькі за тое, што яны бяруць удзел у мірным мітынгу ці пікеце, дык перажыў шокавы стан.

(Босак: ) “Не было ніколі і нідзе ніякага пералому без удзелу прадстаўнікоў інтэлігенцыі, чые ідэі потым пераходзілі да народу. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі – гэта шок. Зьбіваюць жанчын, старэйшых людзей. Трэба дапамагчы беларусам, якіх трымаць у няволі вельмі выгодна тым, хто, прабачце за выраз, знаходзіцца каля карыта рэжыму”.

Адным з суарганізатараў акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю зьяўлецца польскае грамадзкае тэлебачаньне, якое будзе трансьляваць больш за гадзіну канцэрту на двух сваіх праграмах – “TVP1” і “Polonia”. Дырэктар публіцыстычных праграмаў грамадзкага тэлебачаньня Анджэй Гадлеўскі сказаў нашаму радыё, што пасьля штодзённага беларускага перакладу галоўнага выпуску навінаў і штотыднёвай праграмы “Беларусь, Беларусь” удзел у падобнай акцыі – гэта чарговы крок тэлебачаньня ў дапамозе беларусам.

(Гадлеўскі: ) “Мы лічым сваім абавязкам інфармаваць беларусаў аб тым, што робіцца ў іхнай краіне і вакол яе, а таксама паказваць гэта палякам”.

Пачатак канцэрту ў нядзелю а 18-й гадзіне менскага часу, тэлевізійная трансьляцыя пачнецца ў 18.40 – таксама менскі час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG